Аўстрыйскае акно ў Еўропу


Аляксандр Лукашэнка вылеціць у Вену. Але не ў Варшаву. Кіраўнік Беларусі прыняў запрашэнне аўстрыйскага прэм‘ера, а крыніцы «Белсату» у каляўладных колах пацвердзілі, што візіт у Аўстрыю паціху рыхтуецца.

Зэбаст’ян Курц чакае Лукашэнку ў госці ў другой палове года. Такі асноўны афіцыйны вынік візіту аўстрыйскага прэм‘ера ў Беларусь на гэты момант.

«У нас глыбокія карані супрацы. Яны яшчэ ў Савецкіх часах, калі вядучыя аўстрыйскія кампаніі адгукнуліся на просьбу СССР і будавалі тут прамысловыя прадпрыемствы», – заявіў Лукашэнка падчас перамоваў з Курцам.

Кіраўніку Беларусі ад Курца трэба найперш дапамога з аўстрыйскімі інвестыцыямі і магчымасцю наладзіць стасункі з іншымі краінамі Еўразвязу, каб менш залежаць ад Расеі эканамічна.

«Еўразвяз цікавяць стасункі Беларусі з Расеяй на гэтым этапе, бо ходзяць чуткі, што нібыта нават кіраўніцтва Беларусі можа змяніцца, і дзве краіны аб‘яднаюцца», – нагадвае віленскі палітолаг Вадзім Валавой.

Масква не будзе супраць візіту Лукашэнкі ў Вену, лічыць рэдактар сайту экспертнай супольнасці «Наше Мнение» Валерыя Касцюгова:

«Аўстрыя зʼяўляецца сярэдзіннай зямлёй, нават для Расеі. Расея ўспрымае Аўстрыю як свайго лабіста ў Еўропе».

Але Лукашэнка наўрад ці прыме запрашэнне польскага калегі наведаць Варшаву на 80-годдзе пачатку Другой сусветнай вайны. Бо на тую ж жалобную гадавіну паказальна не запрасілі Уладзіміра Пуціна. Апошнімі гадамі Лукашэнку перасталі публічна называць «апошнім дыктатарам Еўропы», яго зноў запрашаюць у Еўразвяз выбудоўваць дыялог, але Брусель мае пэўныя межы ў паляпшэнні стасункаў з дыктатураю, кажуць эксперты.

«У яго вельмі нізкія гарызонты ў гэтага працэсу без дэмакратызацыі ўнутры Беларусі, і мы амаль дайшлі да гэтых гарызонтаў», – мяркуе Валерыя Касцюгова.

У Беларусі не стала больш свабодаў – гэта дэманструюць і апошнія арышты на 25 сакавіка, а таксама затрыманні і суды над актывістамі, напрыклад, за публікацыю ў Інтэрнэце.

«Момант правоў чалавека ў любым выпадку не знікне з павесткі дня ў перамовах Беларусі з Еўразвязам, і Аляксандр Лукашэнка будзе вымушаны звяртаць увагу на гэты момант і, магчыма, рабіць нейкія крокі для стварэння вобразу больш ліберальнага палітыка», – спадзяецца Вадзім Валавой.

Досвед «лібералізацыі ў двукоссі» ужо быў, напрыклад, перад выбарамі 2010-га года, якія скончыліся турэмнымі тэрмінамі для кандыдатаў на прэзідэнцтва.

«Мы гатовы да гэтай супрацы, але заўсёды трэба ўлічваць нацыянальныя інтарэсы», – казаў сёння Лукашэнка аўстрыйскаму прэм’еру.

«Нацыянальныя інтарэсы» і «суверэнітэт Беларусі» – такімі словамі Аляксандр Лукашэнка ў мінулыя гады акрэсліваў недатыкальнасць сваёй улады. Цяпер, граючы на патрэбах і страхах Еўразвязу, ён працягвае замацоўваць сваю ўладу, адначасова ўцягваючы Беларусь ува ўсё большую эканамічную і палітычную інтэграцыю з Расеяй.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu