Атрымаць крэдыты стане цяжэй


Беларусы ўсё больш загразаюць у пазыках. Дзяржава спрабуе рэагаваць.

Каб спыніць падзенне ў даўгавую яму, Нацыянальны банк Беларусі ўводзіць новыя правілы крэдытавання фізічных асобаў з 1 траўня. Інструкцыю для камерцыйных банкаў апублікавалі сёння на інтэрнэт-старонцы рэгулятара.

«Часам чалавек схільны ўзяць крэдыт, але не суадносіць яго памер з магчымасцю пазней гэты крэдыт вяртаць. Часам банк гатовы пайсці чалавеку насустрач. То бок ні банк, ні чалавек не думаюць пра магчымыя рызыкі. І ў гэтай сітуацыі за іх даводзіцца думаць Нацыянальнаму банку», – каментуе новаўвядзенне фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

Асноўных змяненняў два

Першае – увядзенне паказніка даўгавой нагрузкі. Ці, іншымі словамі, суаднясенне штомесячных выплатаў за крэдыты і прыбытку пазычальніка.

«Прапанаваны паказнік не павінен перавышаць 40 %. У выпадку перавышэння ўстаноўленага значэння запазычанасць па такіх крэдытах мусіць складаць не больш за 10 % ад агульнай сумы запазычанасці па крэдытах на спажывецкія патрэбы», – гаворыцца ў інструкцыі Нацбанку.

Другое новаўвядзенне датычыць пазыкаў на набыццё нерухомасці. Нацбанк уводзіць паказнік забяспечанасці крэдыту, які мне адлюстроўваць, цытата, «суаднясенне сумы крэдыту да кошту нерухомасці, якая прымаецца ў заклад у якасці забеспячэння».

Новыя правілы мусяць стрымаць крэдытны апетыт беларусаў

Беларусы працягваюць жыць не адпаведна сродкам. Колькасць выдадзеных спажывецкіх крэдытаў усталявала новы рэкорд.

На 1 сакавіка, паводле звестак Нацбанку, грамадзяне былі вінныя банкам Br 9,3 млрд.

Бум крэдытавання прыпаў на красавік мінулага года

Вынікам перадусім зніжэння ставак стаў рост пазыкаў да Br 1,8 млрд. На неабходнасць прытармазіць звярнуў увагу буйны крэдытор Беларусі, Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця. Нацбанк робіць крок у правільным кірунку, пагаджаецца наш эксперт. Але звяртае ўвагу на пэўныя пралікі.

«Напрыклад, калі чалавек штомесяц зарабляе тры тысячы рублёў, ён можа плаціць на пагашэнне свайго крэдыту і 75 % свайго прыбытку. З іншага боку, калі недзе ў рэгіёне чалавек зарабляе трыста рублёў, ён не зможа накіроўваць і 40 % на пагашэнне крэдыту – яму не будзе на што жыць», – даводзіць Вадзім Іосуб.

Самых беларусаў хіба больш турбуе пытанне, дзе жыць. Цяпер амаль 70 % крэдытаў бярэцца на набыццё нерухомасці.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum