Атака на грамадзянскую супольнасць


Дэпартамент фінансавых расследаванняў распачаў праверку Офісу правоў людзей з інваліднасцю. Сябраў грамадскай арганізацыі падазраюць у неправамерным завалодванні грашовымі сродкамі. У офісе сілавікі зладзілі ператрус, канфіскавалі тэхніку, а кіраўніка арганізацыі забралі на допыт.

Памяшканне асветніцкай праваабарончай арганізацыі «Офіс правоў людзей з інваліднасцю» зачыненае. Дэпартамент фінансавых расследаванняў затрымаў супрацоўнікаў офісу паводле падазрэння ў неправамерным завалодванні грашовымі сродкамі для падтрымання грамадзянаў з інваліднасцю. Кіраўнік Цэнтру грамадзянскіх ініцыятываў «Наш дом» Вольга Карач упэўненая: улады помсцяць арганізацыі за яскравыя акцыі людзей з інваліднасцю.

«Яны выходзілі і працягваюць выходзіць, недзе ўдзельнічаць, таму вельмі лагічна, што Офіс правоў людзей з інваліднасцю, як арганізацыя, якая дапамагае менавіта гэтай сацыяльная групе, трапіла пад раздачу», – упэўненая Вольга Карач.

ЗША, Францыя і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады Беларусі неадкладна вызваліць гомельскага праваабаронцу Леаніда Судаленку і валанцёрку Марыю Тарасенку, якіх затрымалі 18-га студзеня. Іх вінавацяць у арганізацыі ды рыхтаванні масавых беспарадкаў. Апошнім часам яны актыўна дапамагалі пацярпелым аспрэчваць незаконныя прысуды і сплочваць штрафы.

Сёння Леаніда Судаленку пасля 72 гадзінаў затрымання пакінулі пад вартай яшчэ на 10 дзён і перавялі ў СІЗА.

Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла падкрэслівае:

«Улада сваімі дзеяннямі намагаецца перакрыць усе каналы дапамогі матэрыяльнай для развіцця грамадзянскага сектару з аднаго боку. З другога, аказвае ціск на праваабарончыя арганізацыі з тым, каб паралізаваць іх дзейнасць і трымаць іх у страху».

Затрыманых 12-га студзеня журналіста Андрэя Аляксандрава і ягоную партнёрку Ірыну Злобіну таксама вінавацяць у фінансаванні пратэстаў. Яны дапамагалі пацярпелым сплочваць незаконныя штрафы. Сёння за іхнае вызваленне выступілі амаль пяцьдзясят сябраў Платформы грамадзянскай салідарнасці з розных краінаў.

Арыштаваных актывістаў, журналістаў і ўдзельнікаў мірных пратэстаў праваабаронцы дадаюць у спіс палітычных зняволеных. Сёння ён павялічыўся да 188-мі чалавек.

Ігар Станкевіч, «Белсат»