Асуджаны да арышту Юрый Губарэвіч зняўся з прэзідэнцкіх выбараў


Атрымаў арышт і зняўся з выбарчае гонкі. 15 содняў за кратамі мае правесці старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Суды за ўдзел у пікетах па зборы подпісаў за вылучэнцаў адбыліся па ўсёй краіне.

Вы прыходзілі падпісацца за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты? Вас чакае суд! Акцыі падчас збору подпісаў улады палічылі несанкцыянаванымі масавымі мерапрыемствамі.

«Мы гэта расцэньваем як парушэнне правоў чалавека. Ужо сотні чалавек падвергліся адміністратыўным спагнанням – ці штрафам, ці арыштам», – кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч.

Судовыя працэсы сёння адбываліся па ўсёй краіне. Толькі ў Менску – каля двух дзясяткаў. У Першамайскім судзе арышт на 15 содняў атрымаў старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч. Вырак за пікет яму вынесла суддзя Анастасія Ляйкоўская. На свабодзе палітык толькі таму, што пакінуў залу да рашэння.

«Мне кажуць, што я вінаваты ў тым, што праводзіў пікет падчас збору подпісаў. Гэта маё права, бо зарэгістраваная ініцыятыўная група. Таксама маё права звяртацца да прысутных на любых пляцоўках, не забароненых законам, з заклікам падысці ды падпісацца. Менавіта гэта я рабіў на пляцоўцы каля Камароўкі 7 чэрвеня», – распавядае старшыня руху «За свабоду» Юрый Губарэвіч.

Шквал рэпрэсіяў, які абрынуўся на апазіцыйных палітыкаў, абмеркавалі ў офісе незалежнага прафсаюзу РЭП. На прэс-канференцыі прысутнічала Марына Адамовіч, якую сёння аштрафавалі на 1350 рублёў за пікеты для збору подпісаў. Аднак лёс мужа яе хвалюе больш.

«Што адбываецца цяпер з Міколам Статкевічам, мне ўвогуле не вядома. Улада добра разумее, што бадай што з тых, каго яна ведае, толькі Статкевіч можа арганізаваць масавае мірнае супрацьстаянне, масавы мірны пратэст. Кандыдаты не былі зарэгістраваныя, большасць з іх за кратамі», – гаворыць жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч.

Нечалавечымі ўмовамі ўтрымання ў ІЧУ на завулку Акрэсціна ў сталіцы абураная жонка палітыка Паўла Севярынца, які ўчора на знак пратэсту парэзаў сабе руку.

«Нягледзячы на тое, што многія міжнародныя арганізацыі, многія замежныя прадстаўнікі выказваюцца супраць гэтай сітуацыі, нягледзячы на бясконцыя скаргі ды паходы па інстанцыях у Беларусі, нічога так і не змянілася – 10 сутак ён у карцары», – кажа жонка Паўла Севярынца Вольга Севярынец.

Палітвязнямі беларускія праваабаронцы прызналі 11 чалавек. Спыніць пераслед, а таксама вызваліць затрыманых палітычных актывістаў заклікаюць еўрапейскія палітыкі. Салідарнасць з усімі беларусамі выказаў кіраўнік найбуйнейшай партыі Еўрапарламенту.

«Я выказваю салідарнасць, сваю і ЕНП, з тымі, хто ў турмах і зазнае катаванні: Паўлам Севярынцам, Сяргеем Ціханоўскім, Мікалаем Статкевічам, Віктарам Бабарыкам ды іншымі. Мы захапляемся вашаю мужнасцю і адданасцю Беларусі. Я заклікаю прэзідэнта Лукашэнку спыніць рэпрэсіі ды неадкладна вызваліць усіх палітвязняў», – сказаў генеральны сакратар Еўрапейскай народнай партыі Антоньё Лопэс-Істурыс.

Працягваецца пераслед і незалежных журналістаў, сярод іх і тыя, хто супрацоўнічае з нашым тэлеканалам. Гэтак, Ларысу Шчыракову, якая ехала на сённяшні пікет Святланы Ціханоўскай у Гомлі, затрымала міліцыя.

Анастасія Русецкая, «Белсат»