Астравецкую АЭС рыхтуюць да іспытаў з імітатарамі ядравага паліва


Напярэдадні ж у ваколіцах станцыі правялі і гэтак званы «нулявы замер» радыяцыі. Аб рыхтаванні да запуску і ацэнках рызыкі перад грамадствам адсправаздачылася Міністэрства энергетыкі ды запрошаныя адказныя арганізацыі. Ці варта давяраць афіцыйным даследаванням?

Будуючы атамны аб’ект, за планам не бягуць. Абяцаюць, што кожны механізм унутры будзе дасканала спраўджаны. Звонку ж – правялі палявыя замеры ўзроўню радыяцыі вакол АЭС ды водныя – на трох участках ракі Віліі.

Аляксей Якідзін, дырэктар агенцтва экалагічнай бяспекі «Альфа-Х91»:

«Калі тэхнагенны складнік фону і прысутнічае на гэтай тэрыторыі, то яна вельмі-вельмі нязначная. Гэта азначае, што на станцыю ўскладаецца максімальная адказнасць за наступную эксплуатацыю».

Фінальную справаздачу аб «нулявым фоне» (то бок фоне да пачатку працы рэактараў) пабачым толькі ў снежні – акурат перад запускам першага энергаблоку атамнага аб’екту.

Перадапошнюю справаздачу беларусам далі некалькі арганізацыяў, інтэграваных у карпарацыю «Росатам», якой належыць праект. Круглы стол меў назву «Аб грамадскім кантраляванні ў атамнай энергетыцы». На справе грамадскасць не кантралюе ані хады будаўніцтва, ані правядзення лабараторных экспертыз, мяркуе першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя» Дзмітрый Кучук:

«Гэтыя арганізацыі невядомыя шырокай грамадскасці. Фактычна, пэўна яны былі створаныя ў момант атрымання нейкіх грантаў на замеры, таму давяраць ім, мяркую, не варта. Мы глядзелі серыял Чарнобыль, дзе былі паказаныя псеўда-эксперты, якія цвердзяць, што на станцыі ўсё заўжды добра».

Першы энергаблок БелАЭС у Астраўцы ўжо гатовы на 95 % і пачне працаваць сёлета, другі гатовы на 70 %, яго запуск запланаваны налета. Яшчэ перад гэтым па перыметры Астравецкай станцыі абяцаліся ўсталяваць дазіметры, якія дазволяць кожнаму грамадзяніну праз інтэрнэт назіраць за лічбаю ўтрымання радыенуклідаў у паветры.

Дзмітрый Кучук, першы намеснік старшыні партыі «Зялёныя»:

«Быў яшчэ момант, што ў праекце вентыляцыйнай сістэмы Беларускай АЭС не было закладзена фільтраў, адпаведна можна было прагназаваць сурʼёзныя выкіды радыенуклідаў у атмасферу».

Група грамадскіх і экалагічных абʼяднанняў з Беларусі разам з еўрапейскімі калегамі патрабуюць давядзення праекту да міжнародных стандартаў. У ліставанні з эколагамі «Белэнерга» абяцае ўлічыць прапановы. Публічна ж беларусам кажуць пра толькі пра светлыя бакі вытворчасці.

Янка Янэў, Міжнародны цэнтр ядравай кампетэнтнасці, Аўстрыя:

«Я персанальна быў на станцыі некалькі разоў, ведаю дырэктара станцыі персанальна, ён будаўнік. Ён казаў мне: я гэтую станцыю збудую правільна».

Літва на слова не верыць. Тыдзень таму там прайшлі Нацыянальныя вучэнні па грамадзянскай абароне на выпадак ядравага выцёку. У Беларусі вучэнняў не плануюць, бо магчымасці радыяцыйнай аварыі не дапускаюць, хоць пытанне даверу – адкрытае.

Шатландыя, Бельгія, Іспанія, Швейцарыя, Тайвань – цалкам адмаўляюцца ад атамнай энергіі. Тры тыдні таму амерыканская энергетычная кампанія Exelon Corp зачыніла апошні рэактар ​​аварыйнай станцыі «Тры мілі». Гэтыя краіны пераходзяць на аднаўляльную энергію, а Беларусь акурат рыхтуецца да завозу ў Астравец ядравага паліва.

Юлія Цяльпук belsat.eu