Асмалоўка: знасіць нельга захаваць


Быў збор подпісаў, гучныя грамадскія абмеркаванні і нават народнае змаганне за захаванне Асмалоўкі. І вось, нарэшце, перамога: старых дамоў у самым цэнтры беларускай сталіцы не знясуць. Пра гэта сведчыць пастанова Міністэрства культуры. Якая, што праўда, не абароніць Асмалоўкі ад магчымай забудовы.

Дакумент Міністэрства культуры зацвярджае ахоўныя зоны гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў. Такіх каштоўнасцяў побач з Асмалоўкаю – дванаццаць. На тэрыторыі ахоўнай зоны цалкам забараняецца ўзводзіць будынкі і збудаванні. У тым ліку аўтамабільных стаянак і рэкламных канструкцыяў. Андрэй Эзерын, ініцыятар кампанііза захаванне Асмалоўкі:

«Шмат людзей вакол Асмалоўкі цяпер, ёсць экспертыза, ёсць спецыялісты, тыя, хто зацікаўлены ў тым, каб раён захаваўся на мапе Менску. Таму мы чакалі вось гэтую навіну».

Але большасць тэрыторыі Асмалоўкі трапіла ў зону рэгулявання забудовы. Пастанова зацвярджае дзевяць рэжымаў такіх зонаў. На адной з іх увогуле рэкамендавана знесці дысгарманічныя пабудовы. Гаворка пра тэрыторыю, якая мяжуе з кварталам і абмежаваная вуліцамі Камуністычная – Чычэрына – Пашкевіч – Багдановіча. На тэрыторыі ж Асмалоўкі дазволена будаваць невысокія дамы. Існуючыя ж будынкі па-за пагрозаю.

«Гэтыя будынкі кварталаў Асмалоўкі нельга зносіць, нельга надбудоўваць, змяняць іх можна толькі рамантаваць, добраўпарадкаваць, аднаўляць страчаныя архітэктурныя дэталі», – кажа Таццяна Пятрова, моладзевае аб’яднанне «Гісторыка».

Спрэчкі вакол сталічнага кварталу Асмалоўка вядуцца з 2014-га года. Менавіта тады паўстала пагроза яго зносу. Мясцовыя жыхары распачалі буйную грамадскую кампанію.

«У 2017 годзе, калі вось быў самы такі праблемны момант у гісторыі Асмалоўкі, быў праект зносу, 10 тысячаў чалавек падпісаліся за тое, каб кварталы захаваліся, і вось гэта моцна паўплывала», – гаворыць Андрэй Эзерын.

Як ставяцца да гістарычнага кварталу мясцовыя жыхары?

«Раён вельмі прыгожы, гістарычны, і ён павінен быць».

«Трэба развязаць пытанне са станам сетак гэтых дамоў, камунікацыяў водных, электрыкі, сантэхніка ўвогуле – ціхі жах».

«Радавацца можна толькі таму, што засталіся ў цэнтры гораду, а таму, што каштоўнасць гістарычная. Я б не сказала».

Асмалоўка – раён гістарычнага цэнтру сталіцы, пабудаваны пасля Другое сусветнае вайны. Сваю назву атрымаў ад архітэктара Міхаіла Асмалоўскага, які спраектаваў квартал. Грамадская супольнасць актыўна выступала за наданне раёну статусу гістарычна-культурніцкай каштоўнасці. У выніку тэрыторыя такі статусу не атрымала, але ад зносу застрахаваная.

Наста Рэзнікава, belsat.eu