Аслабленне расейскага рубля пацягне за сабою беларускі


Падзеі на расейскім рынку могуць аслабіць беларускі рубель і падштурхнуць рост цэнаў. Пра гэта сёння на прэс-канферэнцыі заявіў кіраўнік Нацбанку Павел Калаур.

Сусветныя цэны на нафту падаюць ды аслабляюць расейскі рубель, які рызыкуе пацягнуць за сабой і беларускі.

«Гэта можа стаць істотным дэвальвацыйным фактарам, а падатковы манеўр Расеі можа істотна пагоршыць валютнае забеспячэнне беларускага рубля і скарачэнне золатавалютных рэзерваў, што таксама стане дэвальвацыйным фактарам», – каментуе эканаміст Леанід Фрыдкін, Менск.

Каб не губляць прытомнасці ад кожнага эканамічнага недамагання Расеі, Беларусі трэба істотна скараціць залежнасць ад расейскага рынку. Арыентавацца на «складаныя інвестыцыйныя рынкі далёкага замежжа» заклікаў сёння віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка.

Пра ўмацаванне незалежнасці ды баталіі, якія вядуць дзеля гэтага беларускія дыпламаты на эканамічным полі, казаў сёння і Уладзімір Макей. Аднак факты супярэчаць словам чыноўнікаў. За дзесяцігоддзе размоваў пра дыверсіфікацыю адзінай істотнаю зменаю стаў рост экспарту ва Украіну.

Куды Беларусь прадае свае тавары? (2006 год)

Расея – 34,7%

Нідэрланды – 17,7%

Вялікая Брытанія – 7,5%

Украіна – 6,3%

Куды Беларусь прадае свае тавары? (2017 год)

Расея – 44,1%

Украіна – 11,5%

Вялікая Брытанія – 8,1%

Нідэрланды – 3,8%

«Гэта вынік нашай эканамічнай мадэлі, якая няўклюдная, дрэнна стымулюецца і занадта прывязаная да старых стэрэатыпаў», – кажа Леанід Фрыдкін.

Эканамічны рост Расеі (% ВУП)

2012 – 3,7%

2016 – 0,2%

2018 – 1,8 %

2019 – 1,4 %(прагноз)

На ажыўленне расейскага рынку спадзяванняў мала. Расейская эканоміка ўжо 5 гадоў застаецца ў стагнацыі. Аднак расейскае кіраўніцтва імкнецца гэтага не заўважаць.

«Па выніках 10 месяцаў гэтага года ВУП Расеі вырас на 1,7 адсотка. Прагноз Мінэканомразвіцця – 1,8 адсотка», – паведамляе прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Гэта ўдвая павольней за сусветную. І ў бліжэйшае пяцігоддзе расейская эканоміка будзе расці не хутчэй як 2 адсоткі за год – папярэджваюць эканамісты.

«Калі раней была нейкая мадэль будучыні, сыходзячы з якой людзі будавалі свае стратэгіі, інвестары будавалі свае стратэгіі, то цяпер, з 2013–2014 гадоў, такая мадэль яўна знікла. І людзі, не разумеючы, што іх чакае, проста не гатовыя ўкладаць свае грошы», – гаворыць эканаміст Андрэй Якаўлеў, Масква.

Паскорыць развіццё эканомікі, на думку Уладзіміра Пуціна, дазволяць нацыянальныя праекты, такія, як будова дарог, спрашчэнне ўмоваў вядзення бізнесу, стварэнне вялікіх навуковых цэнтраў. Аднак размеркаванне грошай чыноўнікамі ў Расеі звышэфектыўным не назавеш.

«Ёсць дастаткова вядомая фраза эканаміста, спецыяліста ў эканамічным развіцці, Дэні Родрыка, які казаў, што на адну Паўднёвую Карэю прыпадаюць дзясяткі Заіраў. Заір быў адною з самых карумпаваных дзяржаваў з вельмі нізкім узроўнем жыцця», – дадае Андрэй Якаўлеў.

Падатковы манеўр Расеі неўзабаве адчуе на сабе кожны кіроўца. Калі Масква і Менск не дамовяцца, то, паводле падлікаў ураду, у новым годзе цэны на паліва вырастуць на 5–7 адсоткаў, а эканоміка не далічыцца трохсот васьмідзесяці мільёнаў долараў. Ці ўдасца змякчыць інфляцыйны ўдар? Пра гэта мы, МАГЧЫМА, даведаемся ўжо праз 5 дзён – пасля чарговых перамоваў Лукашэнкі ды Пуціна.

Аляксандр Папко, belsat.eu