«Асацыююцца з нечым модным». Беларускія фірмы сталі ахвотней браць на працу студэнтаў


Мноства кампаніяў патрабуе свежых і прагрэсіўных ідэяў, якія, на іхную думку, ёсць у студэнтаў, кажуць эксперты. «Белсат» наведаў Тыдзень студэнта, дзе размаўлялі пра працаўладкаванне тых, хто яшчэ вучыцца.

Тыдзень студэнта – нагода паразмаўляць аб праблемах навучэнцаў ВНУ. У Беларусі яго ладзяць сябры Задзіночання беларускіх студэнтаў. Тэму працаўладкавання вылучылі не проста так. Паводле саміх навучэнцаў, праца важная не толькі для таго, каб зарабляць грошы.

«Я вучуся на бюджэце, таму праца для мяне важная яшчэ ў тым ліку, каб знайсці месца практыкі ды месца пасля размеркавання, – кажа студэнтка Ксенія Сырамалот. – Калі студэнт хоча знайсці працу паводле спецыяльнасці, вельмі часта там патрэбны досвед, у найлепшым выпадку проста нешта ўмець рабіць, яшчэ горш, калі досвед патрэбны як стаж. Але я не магу сказаць, што ва ўніверсітэце даецца ўсё тое, што патрабуе ад мяне працадаўца, хоць я шукаю сабе працу менавіта паводле сваёй спецыяльнасці».

На імпрэзу запрасілі суразмоўцаў з праекту «ProWomen», pr-студыі «Sette» і «City dog». Яны падзяліліся з прысутнымі сваім досведам, далі некаторыя практычныя парады, напрыклад, як не баяцца пісаць працадаўцам і верыць у свае сілы.

«Цяпер адукацыя і досвед не маюць такога вялікага значэння, як раней. Плюс цяпер шмат кампаніяў вельмі рухавыя, і яны вітаюць новае мысленне, свежыя думкі, маладыя ідэі, прагрэсіўныя. Усім падабаецца нешта моднае, а студэнты асацыююцца з нечым модным», – кажа Ганна Клімовіч з pr-студыі «Sette».

Заканчваецца Тыдзень студэнцкіх мерапрыемстваў 17 лістапада фестывалем да Дня студэнта, які быў абвешчаны міжнародным пасля студэнцкага паўстання супраць нацызму ў Чэхіі ў 1939-ым.

Марыя Арцыбашава, «Белсат»