Арышты, гвалт, дэпартацыя

Сёлета выбары праходзяць у атмасферы небывалых рэпрэсіяў і парушэнняў правоў грамадзянаў. Сёння ў Менску ў межах адміністратыўнай справы затрымалі Марыю Мароз – кіраўніцу выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай. Таксама з Беларусі ва Ўкраіну дэпартавалі трох карэспандэнтаў тэлеканалу «Настоящее Время» – бо раней Міністэрства замежных справаў не магло выдаць ім акрэдытацыю з прычыны каронавіруса. А ў начы людзі ў пагонах брутальна затрымлівалі раварыстаў.

«Вы знеслаўляеце і чарніце годнасць Рэспублікі Беларусь! Таму мы забіраем вашую тэхніку і дэпартуем вас», – з такімі словамі АМАП і людзі без апазнавальных знакаў зайшлі ў нумары журналістаў каналу «Настоящее время».

«У нашым выпадку было без укладанняў тварам на падлогу і кайданак. Пастаянна былі байцы і людзі ў штацкім. Канкрэтна гэтае затрыманне падалося далікатным», – распавёў Юрый Баранюк, журналіст.

«Я неверагодна ўзрушаная, як адрэагавала Украіна, бо забілі трывогу калегі з цэху, забіла трывогу радыё «Свабода». Не памятаю, каб так хутка рабілі прэс-рэлізы ў МЗС», – кажа Ірына Рамалійская, журналістка.

Нашым калегам яшчэ пашчасціла, а вось учорашнім аматарам ровараў – не! Закрыты аскепкавы пералом. Вынік брутальнага затрымання за тое, што ехала, цытата, «не па роварнай сцежцы»!

«Памятаю, што ляжу на ходніку галавою да бардзюра. Ён падняў мяне пад рукі, і я гляджу – у мяне крывая рука. Я кажу, што вы зламалі руку, але ён, нічога не кажучы, пацягнуў мяне за гэтую руку», – кажа Юлія Гагуліна, пацярпелая ад дзеянняў міліцыянтаў.

Хуткую выклікалі ўжо пасля таго, як Юля пачала скардзіцца на боль. Медыкі пацвердзілі пералом і адвезлі пацярпелую ў шостую больніцу, дзе ўправілі руку. Аднак людзі, якія затрымлівалі Юлю, не сыходзілі са шпіталю да другой гадзіны ночы. З раніцы Юля склала заяву ў міліцыю.

«Я намераная дадаць яшчэ адну заяву, больш падрабязную, з мэтай усталяваць асобу. Лічу, гэта неправамерна, і я хачу, каб іхныя асобы былі ўстаноўленыя, каб яны панеслі адказнасць, каб іншыя бачылі, што гэта ненармальна», – распавяла Юлія Гагуліна, пацярпелая ад дзеянняў міліцыянтаў.

Паводле праваабаронцаў, падчас начной акцыі салідарнасці раварыстаў былі затрыманыя 6 асобаў. У аднаго з раварыстаў здарыўся прыступ эпілепсіі. У затрыманні бралі ўдзел і вайскоўцы. Відавочцы кажуць пра большую колькасць пацярпелых.

«Дакладна ведаю, што тры асобы цяпер у шпіталі з чэрапна-мазгавымі. Яны пакуль не ў ІЧУ. Сярод іх адзін няпоўнагадовы хлопец і 18-гадовы», –кажа сведка затрыманняў з роварнага руху.

Віцебскую актывістку і валанцёрку каманды Ціханоўскай – Юлію Уласенку, затрыманую напярэдадні – сёння адпусцілі, бо ў ізалятары ў яе паднялася тэмпература: медыкі перавялі жанчыну на хатнюю самаізаляцыю. Як высветлілася ўжо цяпер, прычына затрымання – заклік наведаць матч «Віцебск» – «Іслач», які актывістка нібы апублікавала ў тэлеграм-чаце.

«Прывезлі ў РАУС, адносіліся не вельмі добра і казалі, што забяруць бацькоўскія правы, бо я – такая дрэнная – хаджу па плошчах, і ў гэты час мае дзеці ўдома», – кажа Юлія Уласенка.

Між тым, у віцебскім ізалятары цяпер і маці Юліі Уласенкі, блогерка Алена Янушкоўская. Яе затрымалі 7 жніўня на выбарчым участку ў вёсцы Пестуніца Віцебскага раёну, дзе кабета была як незалежная назіральніца ды адкуль вяла стрым. Жанчыну вінавацяць у хуліганстве і парушэнні правілаў дарожнага руху. Суды адбудуцца ў панядзелак 10 жніўня.

У сябра ініцыятыўнай групы Ціханоўскай і адміністратаркі тэлеграм-чату «Страна для жизни» Юліі Барсуковай сёння адбыўся ператрус у межах распачатай крымінальнай справы за арганізацыю дзеянняў, што парушаюць грамадскі парадак. Пакуль Барсукова – у статусе падазраванай.

«Лістоўкі – 11 штук – Ціханоўскай, 2 паперкі, што я даўно раздрукоўвала, 2 сістэмныя блокі, 1 не працуе, 4 тэлефоны. Усе!» – кажа Юлія Барсукова, актывістка.

Следчы камітэт паведамляе: 17 чалавек цяпер падазраюцца ў збіванні і непадпарадкаванні міліцыянтам падчас дэманстрацыі 14 ліпеня ў Менску. Гаворка пра тыя выпадкі, калі людзі давалі адпор АМАПу.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»

Глядзі таксама