Арцемій Троіцкі: З Юлі Самойлавай хацелі зрабіць сакрэтную зброю Пуціна


Ці то перахвалявалася, ці то забылася словы, але нават у Расеі на выступе Юліі Самойлавай не пакінулі сухой ніткі. Мясцовы вядомы музычны прадзюсар Іосіф Прыгожын заявіў, што глядзець яму на выступ было сорамна, а ехаць трэба было камусьці іншаму. Узгадаем, чаму ў Партугалію выслалі менавіта гэтую спявачку?

«Яе проста яшчэ летась самым цынічным чынам выкарысталі, маніпулявалі ёю людзі з расейскага першага каналу, ну і нейкія ідэолагі, што за імі стаяць. Узялі няшчасную дзяўчынку з Ухты на інвалідным вазку і вырашылі зрабіць з яе сакрэтную зброю Пуціна», – кажа музычны крытык Арцемій Троіцкі.

Леташняе еўрабачанне праходзіла ў Кіеве, куды Самойлава прыехаць не магла з-за парушэння ўкраінскіх законаў аб уездзе ў анексаваны Расеяй Крым. У выніку Масква дэманстратыўна адмовілася ўдзельнічаць у конкурсе і вырашыла выслаць спявачку праз год. Няўдала. Паводле крытыкаў атрымалася, куды горш нават за спробу прадстаўніка Беларусі, украінскага выканаўцы Alekseev’а. А апытаныя намі менчукі раяць наступным разам – выбіраць сваіх.

«Я б хутчэй хацела, каб ад нашай краіны ехаў прадстаўнік беларускай нацыянальнасці, але ў прынцыпе, як спявак ён не благі», – кажа жыхарка Менску.

«Хацелася б канешне, каб былі нашыя хлопцы, я іх чула, я ў гэтай сферы працую, ну але гэтак атрымалася», – кажа яшчэ адна мянчанка.

Праўда, нацыянальнасць у гэтым конкурсе – ці не апошняе, што лічыцца для перамогі.

«Калі ўзгадаць леташняе еўрабачанне і наш гурт наві, то найперш гэта асобы, што прывабілі гледачоў. І нягледзячы на тое, што ў фінале яны занялі толькі 17 месца, яны ўсё адно народныя пераможцы», – мяркуе спявак Андрусь Такінданг.

Паспрабуе ў другі раз стаць народным пераможцам і нарадзінец Беларусі Аляксандр Рыбак – традыцыйна пад нарвежскім сцягам. Пакуль што ідзе яму ня горай, чымся дзевяць год таму, калі ён заняў першае месца.

«Гэтым разам нават больш ціску на мяне ўзвалілася, я казаў Нарвегіі, што зраблю ўсё магчымае, каб прайсці ў фінал. Ну, а цяпер галоўнае – заўтра. То бок – заўсёды думаў пра гэты дзень, але ведаеце, цяпер гэта ЗАЎТРА», – кажа прадстаўнік Нарвегіі на Еўрабачанні Аляксандр Рыбак.

Букмекеры ж маюць дваіх пэўных фаварытаў, спявачку з востраву Кіпр Елена Фурэйра і ейную канкурэнтку Нэту Барзілай з Ізраілю. Выканаўцаў падзяляюць менш за два пункты. Каэфіцыент перамогі бліжэйшых канкурэнтаў пачынаецца з дзесяці да аднаго. Мала веры і ў поспех Аляксандра Рыбака 23 да 1, а стаўка на перамогу ўкраінскага выканаўцы Melovin, можа апынуцца ўдалай інвестыцыяй. Праўда, шанцы не вялікія. Фінал сёлетняга еўрабачання – ужо заўтра а 22 гадзіне менскага часу.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»