Арэлі правасуддзя: людзі працягваюць атрымоўваць штрафы ды содні за мірныя пратэсты


Пяцідзясяты дзень пратэстаў традыцыйна скончыўся сотнямі затрыманняў. І сёння зноў мы працуем са сваякамі ды сябрамі мірных пратэстоўцаў і журналістаў. Людзі чакаюць судовых пастановаў сваім блізкім.

Падчас апошняга Жаночага маршу ў Менску затрымалі дзвюх журналістак-фрылансерак: Марыю Грыц і Алену Доўнар. Пасля РАУСаў Завоскага і Кастрычніцкага раёнаў іх накіравалі ў Ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Сёння суд Заводскага раёну аштрафаваў Марыю на 540 рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. Справу ж супраць Алены Доўнар так і не разглядалі.

«Незалежна ад таго, прафесійныя ці не прафесійныя, проста затрымліваюць у нашай краіне за тое, што ты на мірнай акцыі, за тое, што табе дазваляецца Канстытуцыяй. Я б сказаў, гэта дзіка і непрыемна», – мяркуе Мікіта, муж затрыманай журналісткі Марыі Грыц.

У той жа дзень затрымалі Юлю Міронаву і Марыю Пархімчык, якія не былі ў калоне ўдзельніц маршу. У выніку суд Першамайскага раёну аштрафаваў Юлю на 675 рублёў. Дзяўчына лічыць, што ёй пашанцавала абысціся штрафам, бо мае няпоўнагадовае дзіця.

«Я не люблю казаць, што было выдатна і ветліва, было звычайна, было нармальна, не абражалі, нічога такога. Пастаянна намагаліся праводзіць нейкую палітінфармацыю, пыталіся: «Што вам не падабалася, што не падабаецца? Вось сядзіце тут, бо няма чаго выходзіць». Але каб нас шматалі, то такога не было», – дзеліцца пасля вызвалення, затрыманая ў суботу Юля Міронава.

А Марыю Пархімчык арыштавалі на 13 содняў. Не пашчасціла і некаторым іншым затрыманым удзельніцам суботняй акцыі. Нягледзячы на несупадзенні ў пратаколах і адсутнасць на працэсах сведкаў, яны атрымалі адміністратыўныя арышты.

«Абставіны нашыя, сённяшняя нашая ўлада робіць усё дзеля таго, каб запужаць людзей, каб запужаць нашу моладзь, гэтых маладзёнаў і іх бацькоў», – кажа Алена Багдановіч, маці арыштаванай на 14 содняў Вікторыі Багдановіч.

«Я ганаруся тым, што ў маёй дачкі была дакладна выяўленая грамадзянская пазіцыя. Яна яе дакладна агучыла. Я б так не змагла, нават у сілу свайго ўзросту. Відавочна, за гэта ёй улупілі 14 содняў», – разважае Марыя Асіпенка, маці арыштаванай на 14 содняў Дарʼі Асіпенкі.

Учора на маршы з нагоды народнай інаўгурацыі Святланы Ціханоўскай затрымалі абазначанага валанцёра Чырвонага Крыжа Змітра Шкюрдзюка. Ён перастаў выходзіць на сувязь з калегамі, калі быў ва Уруччы, куды скіравалася калона пратэстоўцаў. Увечары сваякі ды калегі знайшлі яго ў Кастрычніцкім РУУСе, адкуль мужчыну перавезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў.

«Мяне найбольш абурае, бо валанцёр Чырвонага Крыжа проста так не выходзіць. Абавязкова падаюцца спісы людзей, наколькі я ведаю, бо павінны ведаць, што Чырвоны Крыж прыходзіць дапамагаць, яны ж працуюць з усімі людзьмі, яны ніколі не выбіраюць, каму аказваць дапамогу», – занепакоеная Вольга Жвавая, жонка затрыманага Змітра Шкюрдзюка.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна», агулам за мінулыя выходныя па ўсёй краіне затрымалі 529 асобаў. Многія чакаюць судоў за кратамі.

Хрысціна Чарняўская, «Белсат»