Апыталі 60 тысячаў расейскіх сем'яў: ашчаджаюць амаль на ўсім, нават на харчах


Каля 60 тысяч рублёў, або трохі болей за 900 долараў – столькі цяпер неабходна расейскім сем’ям для выжывання. Гэткія звесткі прыводзіць Расстат. Даследчыкі апыталі 60 тысячаў сем’яў і высветлілі, што расейцы ашчаджаюць амаль на ўсім. Кожны пяты абмяжоўвае куплю гародніны і садавіны, і ажно 10 адсоткаў насельніцтва стараюцца не набываць мяса з прычынаў ашчаджання.

Амаль 80 адсоткаў жыхароў Расеі маюць цяжкасці з купляй самага неабходнага. Гэта ацэнка саміх грамадзянаў – пра гэта іх спыталі даследчыкі Расстату. Пры гэтым больш за палову апытаных прызналіся, што не могуць дазволіць сабе непрадбачаныя выдаткі на лячэнне ці рамонт кватэры. У Крамлі здзіўленыя і хочуць тлумачэнняў.

«Шчыра кажучы, я таксама быў бы ўдзячны Расстату за тлумачэнне гэтых дадзеных», – кажа прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.

Хоць Расстат і падкрэслівае, што за апошнія два гады колькасць фінансавых песімістаў сярод грамадзянаў хай і нязначна, але зменшылася, карціну ўсё роўна цяжка назваць аптымістычнай. Дзмітрый Дуброўскі з Вышэйшай школы эканомікі мяркуе:

«Народ не стаўся больш ашчадным, зменшыў свае патрабаванні да мінімуму. У гэтым сэнсе ён прыстасаваўся да таго доўгаіграючага крызісу, які мае месца ў Расеі».

Магчыма сакрэт незадаволенасці грамадзянаў у сацыяльным і тэрытарыяльным расслаенні. Сярэдні заробак і кошты, а хутчэй іхныя ваганні – так розніца сярэдніх прыбыткаў паміж Масквой і Іванаўскай вобласцю складае 55 тысячаў рублёў. А вось значнага адрознення ў коштах на мінімальны прадуктовы набор няма. Падобная сітуацыя і ў іншых рэгіёнах Расеі. Пры гэтым сярэдняя афіцыйная зарплата ў цэлым расце, але і бедных стала болей. Гэта прызнаюць і расейскія ўлады.

«Цяпер каля 19 мільёнаў, але і гэта надта шмат. А ў нас была сітуацыя, калі гэтая колькасць знізілася да 15 мільёнаў, цяпер зноў крыху вырасла», – кажа кіраўнік РФ Уладзімір Пуцін.

Пра няпростую фінансавую сітуацыю, кажуць і іншыя дадзеныя – узровень рэальных прыбыткаў падае ўжо некалькі год запар. Гэты паказнік улічвае суадносіны коштаў і заробкаў. У выніку Расстат нават западозрылі ў прыхаванні новых дадзеных. Зрэшты ў ведамстве заявілі – там проста пераходзяць на новую, больш дакладную сістэму разліку паказнікаў.

Ян Маравіцкі, Дзяніс Шпігаў, Усевалад Шлыкаў, belsat.eu