Апошняя місія «Лашарыка»: што рабілі на падводным апараце адразу 7 капітанаў першага рангу?


З расейскага Севераморску прыходзіць новая інфармацыя пра інцыдэнт у вайскова-марскім флоце, а канкрэтна пра пажар на падводным апараце «Лашарык». Хаця агулам справа сакрэтная. 7 з 14 загінулых былі капітанамі першага рангу, яшчэ 3 – капітаны другога рангу. Двое з каманды – героі Расеі.

Галоўнае пытанне: што яны рабілі на дне Барэнцава мора на сакрэтным дыверсійным падводным апараце, які афіцыйна называецца навукова-даследчым.

Пажар адбыўся на глыбакаводным апараце, калі той быў у тэрытарыяльных водах Расеі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі ад крыніцаў «Форбс» і РБК, прычынаю катастрофы стала праблема з адным з акумулятараў.

Сяргей Шайгу, міністр абароны Расеі:

«З ахопленага агнём адсеку станцыі ў першую чаргу эвакуявалі цывільнага адмыслоўца, задраілі за ім люк і да канца змагаліся з пажарам. Яны былі высакакласнымі адмыслоўцамі і праводзілі важныя даследаванні ў гідрасферы Зямлі».

Гэта практычна ўсё, што можна даведацца з афіцыйных крыніцаў. Рэшта застаецца ў сферы меркаванняў, не агучылі нават тыпу падводнай лодкі або станцыі.

«Гэта не звычайнае судна, а даследчае. Каманда вельмі прафесійная, сем капітанаў першага рангу», – кажа кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін.

Займацца даследаваннямі на вялікіх глыбінях у расейскім флоце магла толькі атамная падводная станцыя АС-12 «Лашарык», сабраная з некалькіх сфераў і названая па імені мультыплікацыйнага персанажу савецкага часу.

На глыбіню станцыю спускае падводная лодка «Падмаскоўе». Доўга не было зразумела, які з плавальных сродкаў загарэўся. Нумар часткі, дзе служылі загінулыя, высветліла выданне «Коммерсантъ», а тэлеграм-канал «База» вылічыў месца прыпіскі судна. Пра стан маракоў напісалі не вайсковыя медыкі, а галоўны рэдактар радыёстанцыі «Эхо Москвы» Аляксей Венедыктаў.

Дый пра самую трагедыю свет даведаўся таму, што да блогера і галоўнага рэдактара сайту «Северлайф» з Севераморску Яўгена Карпава дайшлі звесткі пра гатовасць мясцовай больніцы да прыёму вялікай колькасці пацярпелых.

Але калі абставіны аварыі яшчэ можна вылічыць, то патлумачыць прычыну, чаму 7 загінулых капітанаў першага рангу апынуліся на «Лашарыку», нікому не ўдаецца.

Міхаіл Вайценка, галоўны рэдактар выдання «Морской бюллетень»:

«Усё, што мы ведаем, што гэта глыбакаводны апарат, які апускаецца на глыбіню да 6 тысяч метраў. Зразумела, што яны там штосьці адпрацоўвалі. Ці прыборы, ці новыя прыстасаванні. І гэта былі важныя выпрабаванні. Можа, яны адпрацоўвалі і дыверсійную аперацыю».

Адмыслоўцы з Пентагону перакананыя, што АС-12 – гэта дыверсійны апарат для разбурэння падводнай інфраструктуры. Магчыма, «Лашарык» адпрацоўваў манеўры для дэмантажу на дне кабелю сувязі і выяўлення падводных лодак. Паводле амерыканскіх вайскоўцаў, сёння ўся тэхніка на глыбіні большай за тысячу метраў фактычна недасяжная для сродкаў паражэння.

Марыя Лекух, Ірына Дарафейчук, belsat.eu