Апошнія факты ў справе Коржыча


Пракурор лічыць даказаным, што сяржанты Яўген Бараноўскі, Ягор Скуратовіч і Антон Вяжэвіч давялі да самагубства Аляксандра Коржыча. Датычнасці да смерці ў Печах абвінавачаныя не прызнаюць. Сёння на судзе ў якасці сведак былі дапытаныя стрыечная сястра Аляксандра Коржыча, яе муж і найлепшы сябар загінулага. Усе яны ўпэўненыя, што смерць Аляксандра – не самагубства.

Ілля Казубоўскі, лепшы сябар Аляксандра Коржыча:

«Гэты суд – гэта проста цырк нейкі. Я не магу сказаць, што тут будзе нейкая праўда і справядлівасць пераможа. Усё будзе гэтак, як яны захочуць. Я не веру, што дакажуць, што яго сапраўды забілі. Колькі б мы ні стараліся, гэта будзе прыніжэнне для гэтай краіны і міністра абароны».

Муж сястры Сяргей Дзяцел, траўматолаг, распавёў у судзе, што яму як спецыялісту не далі магчымасці агледзець цела Аляксандра. На наступны дзень увечары, калі да цела дапусцілі, яно было адзетае і загрыміраванае, таму ацаніць стан не было магчымым. Святлана Коржыч, маці Аляксандра Коржыча:

«Нас ніхто туды не паклікаў, доктара, прафесіянала. Гэта немагчыма, сказалі. І мы чакалі яшчэ да 18-й гадзіны. Бо трэба было рыхтаваць труп. А што яны там маскіравалі, як хавалі… Тое, што я ўбачыла, была жудасная рэч».

Маці загінулага лічыць, што вінаватая ўся дзяржаўная сістэма, якая спарадзіла і дагэтуль дазваляе існаваць у войску дзедаўшчыне. Яна абвінавачвае міністра абароны Андрэя Раўкова ў бяздзеянні ды мяркуе, што да смерці сына датычны афіцэрскі склад, але пры гэтым, кажа маці салдата, вінаватымі зрабілі сяржантаў. Святлана Коржыч заяўляе, што не бачыць сэнсу ў гэтым судовым працэсе, бо ён з самага пачатку памылковы, бо яе сын забіты. Святлана Коржыч, маці Аляксандра Коржыча:

«У рамках гэтых разборак тут толькі давядзенне да самагубства. Для таго, каб пакараць гэтых сяржанцікаў, якія тут сядзяць».

На сённяшнім паседжанні дзяржаўны абвінаваўца зачытаў вынікі праверкі наконт псіхалагічнага і фізічнага ціску з боку супрацоўнікаў КДБ, пра які раней заявілі сяржанты. Генеральная пракуратура адмовілася распачынаць крымінальную справу, бо не знайшла пацверджання ціску. У межах праверкі апытаныя супрацоўнікі КДБ заявілі, што недазволеных метадаў не выкарыстоўвалі. Ігар Ілляш, журналіст:

«Фактычна трэба пагадзіцца з бокам абароны, калі адвакаты казалі, што ў гэтай праверцы выкладзеная толькі версія КДБ. Фактычна яны апыталі кадэбэшнікаў – ці ціснулі вы на падсудных, яны, зразумела, сказалі, што не. Саміх сяржантаў ніхто не запытваў, дадатковых праверак не праводзілася».

Пракурор прапанаваў пакараць Яўгена Бараноўскага 9-цю гадамі, Антона Вяжэвіча – сямю гадамі і Ягора Скуратовіча – шасцю гадамі пазбаўлення волі, усіх – з канфіскацыяй маёмасці. Усе тры сяржанты праходзяць пацярпелымі ў справе дзедаўшчыны, якая разглядаецца ў будынку Менскага раённага суда. Прапаршчыка Артура Вірбалу і лейтэнанта Паўла Сукавенку з роты, дзе загінуў Аляксандр Коржыч, вінавацяць ва «злоўжыванні ўладаю», аднак следства не лічыць, што яны датычныя да смерці Коржыча.

Судовыя спрэчкі ў справе сяржантаў працягнуцца заўтра.

Вольга Чайчыц, belsat.eu