«Апошнімі днямі яна яго клікала». Ульяна Захаранка так і не дачакалася праўды аб сыне


Перажыла вайну і заўчасную страту дваіх сыноў. Адзін з іх – былы міністр унутраных справаў Беларусі, апанент уладаў Юрый Захаранка. Сілы жыць далей Ульяне Захаранцы дадавала надзея на тое, што аднойчы яна даведаецца, што насамрэч сталася з Юрыем. Але так і не дачакалася праўды. Ульяна Захаранка, якая даўно сталася сімвалам матчынага болю, адышла ў лепшы свет.

Сэрца маці, якая бясконца даўгія 19 гадоў і 7 дзён насуперак болю ды пакутам усё адно верыла, што ейны сын аднойчы ўсё-ткі вернецца, спынілася. Напярэдадні на 95-ым годзе жыцця памерла Ульяна Захаранка, маці экс-міністра ўнутраных справаў генерала Юрыя Захаранкі. Паводле ейнай пляменніцы, спадарыня Ульяна апошнім часам не ўставала ды нікога не пазнавала, але працягвала шаптаць імя сына, колькі было сілаў.

«Нічога не ведала пра сына. І апошнімі днямі яна яго клікала: «Юра, Юра… Юра, хадзі сюды! Юра, хадзі сюды!» Але Юры няма, і гэтак і не даведалася пра яго анічога. Я не ведаю, як можна гэтак?! Бедная, столькі пакутаў прыняла, столькі цярпення – і нічога не даведацца…», – распавядае пляменніца Любоў Токарава.

Сёння ў Васілевічы, што на Гомельшчыне, правесці ў апошні шлях спадарыню Ульяну сабраліся блізкія сям’і Захаранкаў, якія ўсе гэтыя гады падтрымлівалі маці Юрыя Захаранкі.

«Вельмі складана губляць і хаваць дзяцей, а яшчэ складаней – не ведаць пра лёс свайго сына. І, безумоўна, такое падтрыманне было патрэбнае. І, наколькі магчыма, актывісты аказвалі такую падтрымку», – адзначае Васіль Палякоў з АГП.

«Вельмі, канечне, цяжкі дзень. І я ўзгадваю, як мы неаднаразова былі ва Ульяны Рыгораўны – чалавека вельмі гасціннага, вельмі вясёлага, але чалавека, у якога голас дрыжыць, калі яна гаворыць пра Юру. Пра свайго сына, якога яна столькі гадоў чакала», – кажа праваабаронца Таццяна Равяка.

Штотры месяцы з года ў год афіцыйнае следства дасылала спадарыні Ульяне адпіскі: маўляў, расследаванне працягваецца. Аднак што было зроблена за гэты час, каб даведацца праўду пра лёс зніклага яшчэ ў 1999-ым годзе апазіцыйнага палітыка, органы гэтак і не патлумачылі. Хоць той сама Лукашэнка, якога блізкія Юрыя Захаранкі і міжнародная грамадскасць падазраюць у датычнасці ягонага знікнення, зноўку ж з года ў год паўтарае адную і тую ж версію: маўляў, і Захаранка, і астатнія фігуранты гучных палітычных знікненняў… усцяж жывыя.

«Па Захаранку мы выявілі, нашыя людзі выявілі яго ў Нямеччыне. Нямецкая газета надрукавала артыкул! Мы МЗС Нямеччыны адразу: маўляў, адкажыце на пытанні, не мы ж друкавалі, а нямецкая газета надрукавала – і фатаграфію! Дзе? Навошта? Чаму? Дагэтуль адказаў няма!« – заяўляў Лукашэнка.

Насамрэч жа адказы былі. Яшчэ ў 2004-ым годзе нямецкія ўлады зладзілі адмысловае расследаванне паводле выказванняў Лукашэнкі, аднак аніякага пацверджання ім не знайшлі. Між тым пошукі праўды працягнуцца і надалей, падкрэслівае прадстаўнік сям’і Захаранкаў былы следчы Алег Волчак: справа зніклага апазіцыйнага палітыка застаецца ў Камісіі прымусовага знікнення людзей пры ААН і тэрміну даўніны не мае.

«Як следчы я вам скажу, што ўсялякае злачынства пакідае сляды – уся справа ў часе. Справа Захаранкі – гэта ўжо не нацыянальная справа, над ёй працуюць ужо міжнародныя прававыя інстытуцыі. Ёсць ужо больш за дзесяць рэзалюцыяў, і справа проста так ужо не застанецца», – мяркуе Алег Волчак.

Бо дамагчыся праўды трэба, у тым ліку і дзеля светлай памяці Ульяны Захаранкі, вялікай маці вялікага сына.

Валеры Руселік, «Белсат»