Апошні званок у школах: выпускнікі распавялі пра свае мары


Яшчэ не дарослыя, але ўжо і не дзеці. Для выпускнікоў наступіў дзень, да якога яны ішлі 11 гадоў.

Сімвалічны жэст, без якога сёння не абышлося бадай ніводнае свята: выпускнік пасадзіў на плячо першакласніцу і прагучаў апошні званок.

Выпускнікі перадусім зычаць сабе поспеху на найбліжэйшым этапе: наперадзе выпускныя, а пасля і ўступныя іспыты і цэнтралізаванае тэставанне. І хоць у некаторых шчасліўчыкаў паступленне ўжо за плячыма большасць пакуль толькі марыць паступіць у абраную альма-матар.

Пагуляць яшчэ можна

Апошні званок празвінеў для 87-мі тысячаў выпускнікоў 9-ых класаў і 57-мі тысяч адзінаццацікласнікаў ува ўсёй краіне. Асабліва яскрава свята прайшло ў Магілёве: традыцыйны вальс на галоўнай плошчы гораду станчылі адразу сто выпускнікоў.

Каб у вечаровыя гадзіны свята не набрала небяспечнага абароту, у крамах сёння алкаголю не прадаюць. А месцы гулянняў выпускнікоў патрулюе міліцыя.

Свята ахапіла і сацыяльныя сеткі: выпускніцы посцяць здымкі ў школьнай уніформе, прызнаюцца ў любові да школы і абяцаюць запомніць гэты дзень назаўжды.

Канчатковага развітання з школаю засталося яшчэ пачакаць: выпускныя вечары адбудуцца 9-га і 10-га чэрвеня.

Марына Вашкевіч, «Белсат»