Апошні тэрмін мінуў: ці адбудзецца паглыбленне інтэграцыі?


Беларусь і Расея паразумеліся ў большасці інтэграцыйных пытанняў. Пра гэта прэм’ер нашай краіны Сяргей Румас заявіў падчас сустрэчы са сваім расейскім калегам.

Сёння мінуў апошні, усталяваны Расеяй, тэрмін абмеркавання дамоўленасцяў аб інтэграцыі ў Саюзнай дзяржаве.

«Рэалізацыя гэтай дамовы прадугледжвае стварэнне наднацыянальных органаў улады. Стварэнне нейкага ўраду, нейкага парламенту, прыняцце канстытуцыйнага акту, пераход да адзінай валюты і гэтак далей. А гэта фактычна і ёсць аб’яднанне», – распавядае палітолаг Валер Карбалевіч.

Прэмʼеры меліся прыняць дарожную мапу. Між тым, як тыдзень таму казалі ў Маскве, праграма інтэграцыі ўзгодненая на 90 адсоткаў. Акалічнасці дамоўленасцяў не паведамляюць дагэтуль. Што ж да галоўнага пытання – пра суверэнітэт Беларусі – Лукашэнка заяўляў, што на яго страту не пойдзе. Пуцін жа літаральна ўчора адзначыў, што, цытата, «на сёння не стаіць пытанне аб абʼяднанні ў адную краіну».

Палітолаг Валер Карбалевіч:

«Калі гэта не ўдасца, то тут уступае ў сілу праграма-мінімум. Гэта моцна скароціць расейскія датацыі Беларусі, беларускай эканоміцы. Таму для Расеі як бы выйгрыш у любым выпадку».

Рэгуляванне ў сельскай гаспадарцы і прамысловай сферы з Расеяй – сапраўды вызначальныя для нашае краіны пытанні. Да спрэчак вакол Саюзнай дзяржавы кіраўнікоў дзяржаваў падштурхнуў нафтавы манеўр у Расеі. Згодна з ім да поўнага абнулення мытаў у 2024 годзе Беларусь страціць больш за 14 мільярдаў долараў, а таму цяпер патрабуе кампенсацыі.

«Я думаю, што наўрад ці цяпер Расея пойдзе на саступкі Беларусі. Пакуль Беларусь не пагодзіцца быць у агульнай дзяржаве. Не ў адной краіне, а ў Саюзнай дзяржаве, як было ў былым СССР», – каментуе Леанід Злотнікаў, эканаміст.

Ці гэта канчатковая пазіцыя Расеі? Пакуль не вядома. Вынікі дамоўленасцяў аб інтэграцыі краінаў будуць пададзеныя 25 чэрвеня кіраўнікам дзяржаваў. Пакуль жа Расея не паабяцала ані кампенсацыі нафтавага манеўру, ані ільготных коштаў на газ, ані новых крэдытаў.

Юлія Лабанава, belsat.eu