Апошні нумар «БелГазеты» забаранілі з-за магілёўскіх кароў


Загадам Міністэрства інфармацыі ў шапіках «Белсаюздруку» забаранілі продаж апошняга нумару незалежнага выдання «БелГазеты». Падставаю сталася публікацыя на старонках выдання фотаздымкаў кароў, неахайны выгляд якіх паслужыў прычынаю адставак у кіраўніцтве краіны.

У кіёсках «Белсаюздруку» незалежнага выдання цяпер няма. Увесь наклад газеты быў выдалены ці не паступіў, і цяпер тыднёвік можна знайсці толькі ў рэдакцыі або ў незалежных распаўсюднікаў.

У рэдакцыі газеты цяпер падлічваюць страты пасля забароны продажу апошняга нумару. Імаверна падставаю сталіся здымкі магілёўскіх кароў, публікацыі ды карыкатуры на гэтую тэму. Міністэрства інфармацыі пабачыла ў нумары, цытата «подласць і хамства».

«Мы толькі адлюстроўваем рэчаіснасць, а не з’яўляемся нейкім фантомным выданнем, якое прыдумляе навіны. І мне складана ацэньваць зараз юрыдычныя моманты, бо не выключаю яшчэ, што Міністэрства інфармацыі таксама падрыхтуе нейкія экспертныя ацэнкі з гэтай нагоды і гэта будзе пазней», – кажа Кірыл Жываловіч, галоўны рэдактар «БелГазеты».

Гэтая забарона на распаўсюд – не першая праблема «БелГазеты» з парнакапытнымі: два гады таму прычынаю санкцыі сталася выява племяннога быка, публікацыю якой чыноўнікі таксама палічылі недапушчальнай. Адмыслоўцы называюць гэтыя факты звычайнаю цэнзурай.

«Гэта цалкам па-за прававым полем: ніякіх папярэджанняў не было, а проста паводле меркавання міністра наклад не трапіў у шапікі, чытачу і, фактычна, была праведзеная цэнзура», – кажа Барыс Гарэцкі, намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

А можа, так і трэба? Ці сапраўды цэнзура – тое, што трэба беларускім СМІ? Адказваюць сталічныя мінакі:

«Павінны быць вольныя, без цэнзуры. Каб людзі маглі выказаць свае меркаванні і пажаданні».

«Не павінна быць цэнзуры, павінна быць свабода. Ну і патрэбна спачатку думаць, а пасля гаварыць, бо можна ж нагаварыць шмат».

«Вядома, трэба, каб была цэнзура. Бо абсалютна вольна… Цэнзура таксама розная бывае. Ну, каб не вялікая, але з гледжання этыкі – была».

«Цэнзуры не павінна быць у газетах, я так лічу. Свабода слова павінна прысутнічаць у любой цывілізаванай краіне».

У розныя гады забарону на распаўсюд ды іншыя санкцыі зведалі шмат якія незалежныя выданні, у тым ліку «Наша Ніва», «Народная Воля» і «Беларуская дзелавая газета». Газета «Свободные новости плюс» вярнула магчымасць падпіскі на выданне толькі праз чатырнаццаць гадоў пасля такой забароны.

«Калі ты лічыш, што сапраўды маеш права на вольнае, дзёрзкае, праўдзівае слова – гэта твая журналісцкая пазіцыя і журналісцкая норма. Але чыноўнікі ад улады – Міністэрства інфармацыі, розных «грамадскіх арганізацыяў» – яны лічаць па-іншаму: яны хочуць задушыць», – паведаміў Аляксандр Уліцёнак, намеснік галоўнага рэдактара газеты «Свободные новості плюс».

Задушыць хочуць, але ў 2019-м – наўрад ці змогуць. Пасля такога скандалу чытачоў у выдання можа толькі пабольшаць.

Галіна Абакунчык, belsat.eu