Апазіцыянеры сабраліся, каб вырашыць, што рабіць з міліцыяй


«Зялёныя», хрысціянскія дэмакраты, экс-камуністы – практычна ўсе палітычныя структуры ўзялі ўдзел у канферэнцыі «Паглыбленага дыялогу» ў сталіцы. Безумоўна, погляды на рэформы ў краіне ў партыяў адрозніваюцца, кажуць арганізатары, але праз дыялог можна выйсці на агульныя каштоўнасці.

На парадку дня дэмакратаў, у тым ліку, рэфармаванне МУС, якое мусіць завершыцца не серыяй адставак, у тым ліку міністра Шуневіча, а зменаю працы ўсіх праваахоўнікаў. Сярод прапановаў – больш празрыстае для грамадства стаўленне да карупцыйных справаў.

«У нас апошні час, калі не штотыдзень дык праз тыдзень адбываюцца скандалы ў сілавых структурах, мы разглядаем, як можна палепшыць змаганне з карупцыяй, праблема ёсць і яна відавочная», – зазначыў Анатоль Лябедзька, старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Неабходнасць і запатрабаванасць зменаў пацвярджаюць і сацыялагічныя даследаванні Беларускай аналітычнай майстэрні. За рэформы выступаюць 79 % беларусаў і больш за палову цвердзяць, што прысутнасць дзяржавы ў жыцці неабходна зменшаць.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»