Апазіцыянер знайшоў у хаце праслухоўку. За гэта яго арыштавалі


Судзілі за непадпарадкаванне міліцыянтам, але суд нечакана апраўдаў. Суддзя Кобрынскага раённага суда Ала Богнат палічыла тлумачэнні міліцыянта-сведкі недастатковымі ды вырашыла не караць актывіста Алеся Меха. А вось ягонага знаёмага Змітра Чарніцкага, затрыманага разам з Мехам, пакаралі штрафам памерам Br 506.

Пачыналася ўсё як у кіно

Спадар Мех прыйшоў да Змітра Чарніцкага ў госці, каб дапамагчы ўсталяваць новы замок ды заадно паглядзець электраправодку. Калі актывіст пачаў разбіраць разетку, аказалася, што пад папераю прыхавалася… сапраўдная праслухоўка!

Не паспеў мужчына разам з хлопцам выйсці з падʼезду як пачаліся праблемы.

«Дзверы адчыніліся, пачалі ўбягаць нейкія людзі ў масках і пачалі нас душыць. Крычалі – галовы ўніз! Заламвалі, білі нагой. Хтосьці душыў, хтосьці закручваў рукі назад, я гэтага ўжо не бачыў, бо яны нахілі маю галаву», – узгадвае Алесь Мех.

Затрыманне было вельмі жорсткае

Абодва мужчыны атрымалі пашкоджанні. Сам актывіст зафіксаваў у лякарні пабоі ды збіраецца судзіцца з міліцыянтамі, якія яго затрымлівалі.

«Міліцыянты дзейнічалі па-за рамкамі закону. І вызвалі яны гэтую брыгаду захопу для таго, каб мы не распавялі ўсім пра тое, што знайшлі ў кватэры праслухоўку», – упэўнены спадар Мех.

Паводле Алеся Меха, пакуль актывісты былі ў мясцовым РАУСе, бацькоў Змітра Чарніцкага не пускалі ў кватэру – менавіта ў гэты час невядомыя замазвалі сцяну ды хавалі яшчэ свежыя сляды адмысловага абсталявання. Калі ж актывістам пасля затрымання вярнулі тэлефон, здымкі сфатаграваных прыладаў з памяці смартфона прадказальна зніклі.

Віталь Бабін, «Белсат»