Апазіцыя ўжо зразумела, якімі будуць выбары ў Палату прадстаўнікоў – і збіраецца скардзіцца


Апошні дзень першага этапу выбарчай кампаніі завяршыўся падвядзеннем вынікаў фармавання акруговых і тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Вынікі традыцыйныя: чальцамі камісіяў, як і ў мінулыя гады, сталіся адзінкі прадстаўнікоў апазіцыйных партый, рухаў і грамадскіх арганізацыяў.

У кожную выбарчую камісію – у 110 акружных і 7 тэрытарыяльных – сваіх кандыдатаў вылучыў рух «За Свабоду». У выніку адбору, працаваць у камісіях будзе мізэрны адсотак ад 117 кандыдатаў. Ад папярэдніх выбараў не змянілася нічога – кампанія праходзіць паводле звыклых сцэнароў, кажа лідар руху.

«Адзінкавыя выпадкі ўключэння ў камісіі – па Віцебскай вобласці два чалавекі, па Гарадзенскай – нікога. Гэта азначае толькі тое, што дадзены загад уключаць толькі людзей, якія фігуруюць у заранне зацверджаных спісах. І, на жаль, вылучаны руху «За свабоду» у гэтыя спісы не трапляюць, бо намераныя сумленна, адказна і паводле закону падыходзіць да правядзення выбараў у Беларусі», – дадае лідар руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч.

Фармаванне камісіяў першага этапу сведчыць, у якім рэчышчы будзе праходзіць уся выбарчая кампанія: менавіта колькасць апазіцыянераў, дапушчаных да ўдзелу ў працы камісіяў, сведчыць пра жаданне ўладаў правесці свабодныя і празрыстыя выбары. І ўжо сёння відавочна, што гэты выбар не на карысць дэмакратычных зменаў, заяўляюць палітыкі.

«Гэта сведчыць пра тое, што ўлада праводзіць гэтую выбарчую кампанію па сваіх ранейшых сцэнарах. То бок адхіліць цалкам грамадства ад працэсу арганізацыі выбараў і, адпаведна, ад падліку галасоў. Для чаго гэта робіцца, таксама зразумела: каб сфармаваць Палату прадстаўнікоў са сваіх прызначэнцаў, а не прадстаўнікоў народу», – канстатуе намеснік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Паводле прадстаўнікоў палітычных партыяў і рухаў, яны ўжо распачалі абскарджанне адмовы для сваіх чальцоў быць улучанымі ў склад камісіяў.

Галіна Абакунчык, «Белсат»