Апазіцыя шукае здраднікаў сярод кіраўніцтва Беларусі


У кіраўніцтве Рэспублікі Беларусь акапаліся дзяржаўныя здраднікі. І гэтыя зламыснікі распачалі новую кампанію па дыскрэдытацыі нашай краіны на міжнародным узроўні. Такія словы прагучалі сёння падчас сустрэчы лідараў беларускай апазіцыі на ўправе Партыі БНФ. Дэмакратычныя сілы рыхтуюць сумесную заяву ў Генеральную пракуратуру, прысвечаную сітуацыі вакол РЭП – незалежнага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці.

Затрыманне старшыні РЭП Генадзя Фядыніча і бухгалтара арганізацыі Ігара Комліка, ператрус на сядзібе прафсаюзу і на кватэрах, канфіскацыя кампʼютараў і дакументаў – гэта дзеянні, накіраваныя на зрыў наладжвання стасункаў Беларусі з Захадам, кажуць лідары апазіцыі. І Фядынічу, і Комліку пагражае да 7 гадоў турмы за нібыта ўхіленне ад аплаты падаткаў. Комлік дагэтуль у следчым ізалятары. Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

«Мы мусім выявіць гэтую групу ў беларускай уладзе, якой выгадна міжнародная ізаляцыя, якая дыскрэдытуе Беларусь, наносіць шкоду і эканамічным, і палітычным інтарэсам нашай краіны. І спыніць новую хвалю масавых рэпрэсіяў, якую сёння яны пачалі», – зазначыў Віталь Рымашэўскі, сустаршыя партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя.

Справу напярэдадні перадалі ў Следчы камітэт

Паводле Камітэту дзяржкантролю, прадстаўнікі прафсаюзу мелі рахункі ў замежных банках, перыядычна выязджалі за мяжу, каб зняць грошы і прывезці ў Беларусь. У апазіцыі лічаць пераслед прафсаюзу зачысткай перад верагоднымі восеньскімі сацыяльнымі пратэстамі. Бо ўзровень жыцця застаўся нізкім, дэкрэт №3 аб падатку на адсутнасць працы не адмянілі, а адклалі. А працоўных месцаў так і няма, асабліва ў раённых цэнтрах.

Пераслед незалежных прафсаюзаў наўпрост супярэчыць патрабаванням Міжнароднай арганізацыі працы, з якой беларускі ўрад спрабуе наладзіць супрацу.

«Сыходзячы з міжнародных дакументаў, уставу МАП (Міжнароднай арганізацыі працы), канвенцыі МАП, ратыфікаванай краінай, прафсаюзы маюць права атрымліваць замежную фінансавую дапамогу», – патлумачыць Алена Яськова з Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Захад: спыніць пераслед і зняць абвінавачанні

Гэта запатрабавалі кіраўнікі двух міжнародных прафсаюзных структураў – генеральны сакратар Міжнароднай канфедэрацыі працоўных Шэран Бэраў і генеральны сакратар Глабальнага звязу «IndustriALL» Вальтэр Санчэс накіравалі адмысловы ліст у адміністрацыю Лукашэнкі.

Сёння ж Генеральная пракуратура Польшчы адказала «Белсату», што не перадавала беларускаму боку інфармацыю пра магчымыя банкаўскія рахункі Генадзя Фядыніча ды Ігара Комліка.

Раней Раней «Белсат» атрымаў падобны адказ з Міністэрства юстыцыі Літвы.

Яраслаў Сцешык, «Белсат», фота: Viktor Drachev / TASS / Forum