Апазіцыя рыхтуе канстытуцыю без Лукашэнкі


Беларусь без прэзідэнта. Эксперты з сацыял-дэмакратычнай партыі прэзентавалі свой праект Канстытуцыі Беларусі. Цяперашні асноўны закон краіны, на іхную думку, далёкі ад дэмакратыі. Што яшчэ прапаноўваецца змяніць у Канстытуцыі, і ці прыслухаюцца да прапановаў улады?

Вяртанне бел-чырвона-белага сцяга, змешаная выбарчая сістэма, новы тэрытарыяльны падзел, скасаванне смяротнай кары. Праект рэформы Канстытуцыі прадставілі старшыня Вярхоўнага Савету 12 склікання Мечыслаў Грыб і юрыст Міхаіл Пастухоў. Галоўная ж прапанова экспертаў – скасаваць пасаду прэзідэнта.

«Як залішнюю, грувасткую, якая сябе не апраўдала і без якой можна паспяхова сабе жыць», – тлумачыць былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

Без прэзідэнта нашая краіна жыла ў першыя гады незалежнасці. Тады дзяржаву ачольваў старшыня Вярхоўнага Савету. Прэзідэнцкую пасаду ўвяла Канстытуцыя, якую Вярхоўны Савет ухваліў у 1994 годзе.

«Добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі», служыць народу і выконваць Асноўны закон на новай Канстытуцыі прысягнуў Аляксандр Лукашэнка. Папраўкі 1996 года зрабілі дэклараваны ў Канстытуцыі падзел уладаў фікцыяй. Над заканадаўчаю ўладай прэзідэнт узвышаецца, бо выдае ўказы, вышэйшыя за закон. Судовую ўладу ён кантралюе, бо прызначае кожнага суддзю. Прэзідэнт кантралюе нават мясцовае самакіраванне – бо асабіста прызначае кіраўніка кожнага раёну.

Каб вярнуць дэмакратыю і вяршэнства закону, трэба вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года – лічаць эксперты БСДП. Праўда, у яе належыць унесці папраўкі – ад выбарнасці гэтак званых мэраў да пераходу да парламенцкай рэспублікі.

«Не ўсім, можа быць, падабаецца такая ідэя скасавання пасады прэзідэнта. Таму калі грамадства палічыць усё ж такі захаваць гэтую пасаду, то тады можна пакінуць варыянт не моцнага, але мяккага прэзідэнта – з абмежаванымі паўнамоцтвамі», – раіць Міхаіл Пастухоў.

Прыклад такога прэзідэнта – галава Нямеччыны. Ён прэзентуе краіну за мяжой, прапаноўвае кандыдатаў на канцлера і зацвярджае суддзяў. Аднак усе ягоныя дзеянні вымагаюць згоды канцлера або парламенту. Хто павінен быць у краіне галоўны: парламент або прэзідэнт? Паслухаем жыхароў Менску.

«Парламент. Там больш людзей, больш ідэяў. Калі больш людзей, то разглядаюць праблемы большай колькасці слаёў грамадства».

«Павінны быць адказны. У парламенце – многа людзей! А ў сямі нянек дзіця заўсёды без нагляду!»

«Лепш, калі правіць народ, прыслухоўваюцца да меркавання народу. А гэта, падаецца, да парламенту бліжэй».

«Прэзідэнт! – Чаму? – Не ведаю! Люблю Лукашэнку!»

Змяніць Асноўны закон ужо некалькі гадоў абяцае нават сам афіцыйны лідар.

«Я не буду расказваць падрабязнасцяў, праўда элементы новай Канстытуцыі, з гледзішча Канстытуцыйнага суда, мне прадставілі», – казаў у лістападзе Аляксандр Лукашэнка.

Вось толькі падрабязнасцяў гэтых кіраўнік краіны не раскрывае. Што ён плануе?

«Праз пяць-сем ці яшчэ колькі гадоў перадаць уладу свайму пераемніку, і каб у гэтага пераемніка не было гэтак шмат улады, колькі было ў Аляксандра Лукашэнкі», – мяркуе палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Калі Лукашэнка рыхтуе змены ў Канстытуцыю для ўласнага пераемніка, то прадстаўнікі СДПБ – для адзінага кандыдата ад апазіцыі. Свайго ўдзельніка прэзідэнцкай кампаніі дэмакраты маюць абраць праз два тыдні.

Аляксандр Папко, «Белсат»