Апазіцыя прапанавала святкаваць Дзень Волі на плошчы Свабоды ці ля Палацу спорту


Усё ажывае ўвесну ў Беларусі. Калгасы шукаць паліва на пасяўную, дворнікі рыхтуюцца да суботнікаў, апазіцыя з уладаю сварацца, дзе і як мае адбыцца Дзень Волі.

«Калі гэта будзе на ўзроўні свята і з адпаведнымі віншаваннямі, то толькі «за». Гэта дапаможа і краіне, бо будзе ясна, што лепш для народу», – лічаць жыхары Менску.

Дакладна не будзе так, як летась, ля Опернага. Гарвыканкам сваю адмову палітыкам патлумачыў тым, што заяўнікі паведамілі ў медыях пра месца і фармат акцыі 25 сакавіка яшчэ да атрымання згоды. Апазіцыянеры сітуацыю прадбачылі ды склалі заяву на акцыю 24 сакавіка – інфармацыі пра гэтую дату ў медыях не было. Але вынік той жа: адмова.

Віталь Рымашэўскі, сустаршыня Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі:

«У выпадку, калі беларускія ўлады не прыслухаюцца да розуму, праз тыдзень мы прадставім сваю кансалідаваную пазіцыю па святкаванні. Цалкам магчыма, што мы падтрымаем і несанкцыяваны фармат. Але час пакуль ёсць, і пра гэта казаць рана».

У працэсе перамоваў з уладамі застаецца каманда заяўнікаў, блізкая да дзейнасці «Арт Сядзібы». Ім на старце адмовілі ў імпрэзе на стадыёне «Дынама». Але хлопцы вераць, што выгарыць адзін з варыянтаў: ці плошча Свабоды, ці пляцоўка ля Палацу спорту.

«Так, хацелася б, гэта было б вельмі цяпер актуальна».

«Самы дэмакратычны шлях – гэта не забараняць таго, чаго яны хочуць. І не баяцца, што штосьці можа здарыцца не так».

«Канечне, хацелася б. Вельмі. Мы ж народ беларускі, нават вельмі», – кажуць жыхары Менску.

За тым, як беларусы святкуюць Дзень Волі, будуць уважліва сачыць і асноўныя геапалітычныя гульцы ў свеце. Для расейскіх медыяў гэта нагода шукаць чарговыя доказы «бандэрызацыі». А для Вашынгтону – каб адмяніць санкцыі. Пра гэта медыям учора заявіў намеснік памочніка Дзярждэпартаменту ЗША Джордж Кент.

Алесь Залеўскі, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / Forum