Аб'ектыў 05.02.2019 Апазіцыя абвясціла кампанію назірання за «нявыбарамі»


«Выбараў няма, і мы вам ізноў гэта дакажам». Восем апазіцыйных партыяў, прафзвязаў і рухаў – ад сацыял-дэмакратаў да хрысціянскіх дэмакратаў – абвясцілі, што пачынаюць кампанію назірання за выбарамі ды збіраюцца выставіць сваіх кандыдатаў. На што разлічваюць палітыкі?

У кампаніі «Права выбару» задзейнічаюць 1500 актывістаў. Праўда, гэтага хопіць толькі на кожную шостую акругу – 18 са 110-ці. Менавіта там выставіла сваіх удзельнікаў пярэстая апазіцыйная кааліцыя.

«Мэты на гэтыя выбары мы ставім адныя і тыя ж. Даказаць і беларускаму грамадству, і міжнароднай супольнасці, што выбараў няма, што ёсць фальсіфікацыі. А як гэта даказаць? Толькі праз назіранне», – тлумачыць Рыгор Кастусёў, Беларускі Народны Фронт.

Праўда, міжнародная супольнасць гэта даўно ведае. З пачатку аўтарытарнага кіравання Лукашэнкі мінулі ўжо 15 выбарчых кампаніяў. І ніводнай з іх не прызналі сумленнаю.

«Мы маем мадэль класічнага аўтарытарызму, калі палітычная сфера цалкам зачышчаецца ўладамі, туды не дапускаюцца актыўныя гульцы, застаюцца толькі марыянеткі», – кажа палітолаг Павел Усаў.

Асноўных прэтэнзіяў у назіральнікаў да выбараў тры. Апазіцыя не рэпрэзентаваная ў выбарчых камісіях, беларусаў масава прымушаюць да датэрміновага галасавання, пры якім бюлетэні лёгка падмяніць, а галасы лічаць удалечыні ад назіральнікаў, не паказваючы ім кожнага бюлетэня. Калі выбараў няма, то навошта браць удзел у падмане? Вольга Кавалькова, БХД:

«Мы павінныя паказваць і даказваць, што нашыя кандыдаты, якія балатуюцца, яны моцныя, і калі б былі выбары, то яны былі б абраныя стоадсоткава ў якасці дэпутатаў, бо іх ведаюць людзі».

Гэтак свой удзел у выбарах актывісты тлумачаць шмат гадоў. Але, нягледзячы на рэгулярны ўдзел, імёны спарынг-партнёраў Лукашэнкі беларусы згадваюць з цяжкасцю.

«Гайдукевіч, Лябедзька, а трэцяга нават не скажу».

«Пазняк – памятаю, Хадыка – памятаю. Але Пазняка даўно няма ў краіне, Хадыка памёр».

«Увогуле нуль. За беларускаю палітыкай наагул не сачу».

«У нас на слыху толькі адзін чалавек. Вы ўсе яго ведаеце – Аляксандр Рыгоравіч. А ўсіх астатніх я не чую і не бачу».

Пратэставай актыўнасці ў Беларусі практычна няма. Апазіцыйныя структуры не жывуць, а выжываюць. Вось хрысціянскія дэмакратам ужо восьмы раз не дазволілі зарэгістраваць партыі.

«Кожнага разу мы падавалі ў Міністэрства юстыцыі спіс: 1100–1200 чалавек. І кожнага разу КДБ і міліцыя знаходзілі па некалькі чалавек сярод заснавальнікаў, якіх прымушалі пагрозаю гвалту, стратаю працы, стратаю працы сваякоў пісаць адмову, і ў выніку давалі адмову ў рэгістрацыі», – кажа Павал Севярынец, БХД.

А найстарэйшая правакансерватыўная партыя Беларускі Народны Фронт не здолела назбіраць 14-ці тысяч долараў на аплату арэнды і цяпер можа пазбавіцца паловы сваёй сядзібы ў Менску. Рыгор Кастусёў, БНФ:

«Гэта эканамічная матывацыя, за якою крыюцца спробы ўчыніць перашкоды перад значнымі палітычнымі кампаніямі».

Менавіта на мяккія эканамічныя метады здушэння апанентаў робяць стаўку ўлады Беларусі. Але рэч не толькі ў падкопах аўтарытарнага рэжыму. Палітолаг Павел Усаў:

«Ні павелічэння аўтарытэту, ні пашырэння ўплыву апазіцыі на палітычныя рашэнні ў краіне не адбылося. Апазіцыя як была ў маргінальным становішчы, у такім становішчы яна і ёсць. Збольшага ўдзел у гэтых кампаніях падману і дыскрэдытуе апазіцыю».

Удзельнікі электаральнай кампаніі абяцаюць распавесці грамадзянам, што выбараў няма. Але адкрыта заклікаць іх байкатаваць яны не могуць. Агітаваць за байкот у Беларусі забаронена. А агітаваць за сябе – лічы, бессэнсоўна.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM

Глядзі таксама
Каментары