Апазіцыя распачала агітацыйную кампанію


Менш за месяц засталося да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Самых заўзятых сваіх апанентаў улады адсеялі, не зарэгістраваўшы іх кандыдатамі на дэпутацтва. Некалькім апазіцыянерам усё ж удалося атрымаць запаветны статус. За што агітуюць тыя, каго зарэгістравалі кандыдатамі?

558 зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты ніжняй палаты ды іх прадстаўнікі цяпер маюць права не толькі выступаць на вулічных пікетах, але і агітаваць за сябе на тэлебачанні, радыё ды ў газетах.

«Мая, у прынцыпе, задача – стварыць прэцэдэнт у краіне, распавесці як мага большай колькасці людзей пра тую праблему, якая існуе. Так, для мяне гэта была нечаканасць», – кажа Таццяна Канеўская, кандыдатка ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Таццяна Канеўская – адна з дзвюх зарэгістраваных кандыдаткамі ў дэпутаты прадстаўніц Руху маці 328. Арганізацыя дамагаецца перадусім судовай рэформы ды зменаў у заканадаўстве датычна наркотыкаў. Мінакі ініцыятыву збольшага падтрымліваюць, але ў справядлівасць «выбараў» не вераць.

«Не, вядома, як яны будуць справядліва праходзіць. Вы ж самі ўсё добра разумееце».

«Не, іх няма зусім».

«Бачыў, як гэта ўсё лічыцца, як яны малююць гэтыя лічбы, таму для мяне пытанне гэтае відавочнае».

Пагаджаецца з мінакамі і самая кандыдатка на дэпутацтва. Праблема артыкулу 328 –частка перадвыбарчай праграмы «Моладзевага блоку», які выступае таксама супраць прымусовага размеркавання выпускнікоў ды зменаў у Законе аб адтэрмінаванні.

«У нас запланаваныя пікеты, не толькі ў Менску: «Моладзевы блок» мае таксама кандыдатаў у Берасці і Магілёве. Мы збіраемся праводзіць тэматычныя сустрэчы, панэльныя дыскусіі. А напрыканцы, калі атрымаецца, зладзім невялікі мітынг», – кажа Стась Шашок – адзін з васьмі зарэгістраваных чальцоў блоку.

Чарговая праблема, якая нарадзіла кандыдата ў дэпутаты, – патэнцыйна небяспечны акумулятарны завод у Берасці. Там зарэгістравалі толькі аднаго з чатырох прэтэндэнтаў – Уладзіміра Мароза. Днямі Аляксандр Лукашэнка рэзка выказаўся пра змагароў за экалогію:

«Ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя свінціць у Менск і тут гайдацца па гэтай вуліцы і ціхенька сябе весці або ж гвалтам крычаць ужо на менскіх плошчах».

Мы таксама шукалі пікеты і тых кандыдатаў, хто наўрад ці «будзе гайдацца па вуліцах». Актывісты БРСМ сёння правялі кароткі – прыкладна 20-хвілінны пікет каля сталічнае філармоніі. Скончылі так аператыўна, што нашыя камеры нават не паспелі зафіксаваць акт агітацыі. А раней жа арганізацыя заўжды адной з першых заклікала на выбары.

Чарговае адрозненне сёлетняй кампаніі ад папярэдніх – масавае недапушчэнне апазіцыйных кандыдатаў да далейшай агітацыі.

«Рэгіструюць у асноўным тых, хто падаецца ад партыяў, а тых, хто падаецца шляхам збору подпісаў, – амаль не рэгіструюць», – дадае Стась Шашок – адзін з васьмі зарэгістраваных чальцоў блоку.

Што праўда, хто вылучаўся ад партыяў, а хто – зборам подпісаў, апытаных намі жыхароў Менску не надта турбуе.

«Пакуль яшчэ не цікавілася спісам».

«За аднаго я подпіс паставіў у сваёй акрузе, але прозвішча не памятаю».

«Ставіў подпіс, але не памятаю за каго, не памятаю».

«Жанчына-эканаміст, прозвішча не памятаю. Ну, я крыху нападпітку быў».

«Я свой голас аддаваў – прозвішча не памятаю, з Партызанскага раёну. Маё меркаванне: хопіць бацьку шыкаваць – трэба іншых выбіраць».

У тых, хто змагаецца за дэпутацкія крэслы, застаецца ўсё менш часу на тое, каб заявіць пра сябе. «Выбары» ў Палату прадстаўнікоў прызначаныя на 17-га лістапада. І старшыня ЦВК да іх ужо гатовая.

«У рэгіёнах ладзяцца трэнінгі, дзе сябры ўчастковых выбарчых камісіяў у гульнёвой форме навучаюцца таму, як правільна праводзіць выбары», – распавяла кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына.

А самыя парламенцкія «выбары» – гэта ўсяго толькі рэпетыцыя прэзідэнцкіх, падкрэсліў днямі Аляксандр Лукашэнка.

Сцяпан Святлоў belsat.eu