Апанентак Лукашэнкі сустрэлі авацыямі


Тысячы людзей, авацыі і перашкоды ў працы незалежных медыяў. У сталіцы адбыўся першы агітацыйны пікет Святланы Ціханоўскай.

Каля сямі з паловаю тысяч асобаў. Столькі, паводле валанцёраў праваабарончага цэнтру «Вясна», сабраў першы менскі пікет Святланы Ціханоўскай. Тысячы сачылі за сустрэчаю онлайн, але перад выступам Святланы трансляцыі незалежных медыяў перарваліся. Не дзейнічала і мабільная сувязь. Свой выступ Святлана пачала са згадкі пра мужа.

«Нашыя ўлады вырашылі дзейнічаць сваймі метадамі, метадамі затрыманняў. На жаль, на момант рэгістрацыі Сяргей сядзеў у ізалятары часовага ўтрымання, і з выдуманай прычыны яго не зарэгістравалі. Улады думалі, што на гэтым усё скончыцца. Аднак не, з гэтага ўсё толькі пачалося!» – заявіла Святлана Ціханоўская.

Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава – прадстаўніцы патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнцтва, якіх улады не зарэгістравалі, агітавалі за перамены разам са Святланай Ціханоўскай. А якіх пераменаў жадаюць тыя, хто прыйшоў на сустрэчу з кандыдаткай?

«Самае галоўнае – дамагчыся змяняльнасці ўлады. Калі ёсць канкурэнцыя, новы прэзідэнт, новы гаспадар заўсёды імкнецца нешта палепшыць. Калі змяняльнасці ўлады няма – то ўтвараецца балота, якое мы назіраем тут».

«Развіцця эканомікі, адукацыі, медыцыны – усяго! У нас краіна не развіваецца! Нічога не робіцца для людзей!»

«Быць свабоднымі ментальна і мець магчымасць развівацца!»

«Мне хочацца ўвогуле памяняць усё: уладу, прэзідэнта, выбарчую сістэму, усё, што адбываецца ў ахове здароўя, у адукацыі. Мы акурат сёння гэта абмяркоўвалі: куды не паглядзі – усё дрэнна!», – кажуць жыхары Менску

Галасаваць толькі ў асноўны дзень, сфатаграфаваць свой бюлетэнь і адправіць яго на сайт кампаніі «Честные люди», а таксама масава запісвацца ў назіральнікі – такім чынам абараніць свае галасы прапануе аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы.

Дзвюма гадзінамі раней у 27-тысячным Дзяржынску сустракаць Святлану прыйшлі паўтысячы асобаў.

«Святлана – гэта гарантыя нашага вызвалення. Пасля перамогі Святланы на выбарах мы правядзем новыя сумленныя выбары з удзелам Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Валера Цапкалы ды іншых альтэрнатыўных кандыдатаў!» – паведаміла прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Муж Святланы Ціханоўскай Сяргей, а таксама Віктар Бабарыка з сынам Эдуардам папоўнілі спіс палітычных вязняў, які за час выбарчае кампаніі павялічыўся на 22 асобы. Яшчэ каля 20 чалавек затрыманыя ў гэтак званай справе «Белгазпрамбанку». Траім маладзёнам, затрыманым падчас пратэсту 14 ліпеня, інкрымінуюць «гвалтоўныя дзеянні супраць міліцыі».

«Еўрапейскія краіны і Злучаныя Штаты вельмі крытычна ўспрымаюць гэтую сітуацыю. Негатыўнае стаўленне ўжо заяўлена. Заяўлена, што ад беларускіх уладаў чакаюць вяртання да дзеянняў у межах закону і міжнародных пагадненняў», – зазначыў старшыня Беларускага хельсінкскага камітэту Алег Гулак.

Наступная сустрэча Святланы Ціханоўскай, Марыі Калеснікавай і Веранікі Цапкалы з выбарцамі адбудзецца на наступным тыдні ў Магілёве.

Аляксандр Папко, «Белсат»