Ангела Мэркель пра БелАЭС: Мы будзем размаўляць з Расеяй


Міжнародныя інспектары мусяць быць дапушчаныя да будоўлі Беларускай АЭС. Пра гэта заявіла канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель пасля сустрэчы з літоўскім прэмʼер-міністрам. Беларускі бок на пляцоўку амаль нікога не пускае, а само будаўніцтва ўжо зазнала некалькі рэзанансных аварыяў.

Беларуская АЭС – гэта расейскі геапалітычны праект, накіраваны на тое, каб шантажаваць Літву і ціснуць на яе, перашкаджаючы сінхранізацыі яе электрасістэмы з заходняю. З гэткаю заяваю выступіла сёння прэзідэнт Літвы Даля Грыбаўскайце.

Заява прагучала на фоне візіту ў Берлін прэмʼер-міністра Літвы Саўлюса Сквярняліса

Спадар Сквярняліс, у сваю чаргу, заклікаў канцлерку Нямеччыны Ангелу Мэркель да салідарнасці ў справе байкоту беларускай ды іншых атамных станцыяў, якія Еўразвяз палічыць небяспечнымі.

«Мы можам толькі весці паслядоўную кампанію аб (прыцягненні) міжнародных інспектараў, якія могуць агледзець гэтую будоўлю, унікнуць у яе і атрымаць неабходныя звесткі. Ядравая энергетыка – усеабдымная, таму пытанне бяспекі мае адмысловае значэнне. Мы будзем размаўляць з Расеяй зноў і зноў пра тое, наколькі гэта важна для нас, наколькі гэта важна для Расеі і людзей, якія жывуць там», – падкрэслівае Ангела Мэркель.

Улады Беларусі: Усё добра, але мы нікога не пусцім

Кіраўніцтва краіны сцвярджае, што стандарты бяспекі пры будаўніцтве АЭС – максімальна магчымыя, а станцыю рэгулярна наведваюць міжнародныя адмыслоўцы. Вільня на гэта адказвае, што бальшыня замежных візітаў у Астравец – гэта экскурсіі. Магчымасць правесці ўважлівую інспекцыю ў Астраўцы працоўная група МАГАТЭ атрымала толькі месяц таму, але мела абмежаваны мандат. Адмыслоўцы, аднак, зазначаюць, што выбарам пляцоўкі патэнцыйныя пагрозы для АЭС не вычэрпваюцца.

Чаму ж улады Беларусі адмаўляюцца ад дапамогі міжнародных адмыслоўцаў у папярэджанні гэтых пагроз? Расследаванне нашага тэлеканалу паказала, што ў справе будаўніцтва самой станцыі афіцыйнаму Менску ёсць што хаваць. Насуперак беларускаму заканадаўству аб будаўніцтве, якое патрабуе ад усіх падрадчыкаў АЭС атэстацыю першай катэгорыі, за сістэму пажарнай бяспекі там адказвае ААТ «Будаўнік», якое мае толькі другую катэгорыю. Расейская кампанія «Сезам» мантажавала першы корпус рэактара, увогуле не маючы на гэта ліцэнзіі. А сам корпус рэактара, паводле сайту яго вытворцы «АЭМ-Тэхналогіі», быў першым вырабленым на гэтым заводзе з савецкіх часоў.

Станіслаў Івашкевіч, Менск, фота: Hannibal Hanschke / Reuters / Forum