Анджэліку Борыс вызвалілі ад адказнасці за правядзенне кірмашу «Казюкі». Але не апраўдалі


Ганебным судом над традыцыямі палякаў лічыць працэс у Горадні Анджэліка Борыс. Старшыню непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі судзілі за парушэнне парадку арганізацыі кірмашу «Казюкі». Ад адказнасці спадарыню Анджэліку вызвалілі, але ж не апраўдалі!

Пад залаю суда ў Горадні сёння стаяў натоўп – у падтрыманне лідаркі непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі. Анджэліка Борыс, старшыня «Саюзу палякаў у Беларусі»:

«Гэта палітычны працэс. Палітычныя працэсы як распачынаюцца, таксама і знікаюць. Гэта не спыніць нашага Саюзу палякаў. Мы будзем бараніць свае традыцыі незалежна ад таго, што нас будуць судзіць ці караць».

Суд пастанавіў, што Анджэліка Борыс здзейсніла правапарушэнне, хоць і малазначнае. Арганізавала гулянні 3 сакавіка з нагоды свята рамеснікаў «Казюкі». Кірмаш разгарнулі на арэндаванай СПБ тэрыторыі – ва ўнутраным дворыку побач з польскім консульствам. Лідарка «Саюзу палякаў у Беларусі» у Лідзе Ірэна Бернацка:

«Прыязджаюць нашыя рамеснікі, кухары, мастакі і кожны паказвае сваю творчасць».

Гэтага ж дня праходзілі «Казюкі», арганізаваныя аддзелам культуры на Савецкай плошчы гораду, з удзелам афіцыйнага Саюзу палякаў.

«Гэта быў 21 кірмаш, які мы арганізоўвалі, і міліцыя кваліфікавала гэты кірмаш як несанкцыянаваную акцыю. Ніколі нікога не цікавілі Казюкі, а цяпер раптам зацікавілі», – кажа спадарыня Анджэліка Борыс.

Раней дзяржава і сапраўды не мела пытанняў да святкавання. Хоць перашкоды аб’яднанне зазнавала сістэматычна. Праваабаронца Віктар Сазонаў тлумачыць:

«Саюз палякаў Беларусі яны бачаць як арганізацыю, якая мае дэмакратычныя каштоўнасці, ёсць выбары і дэмакратычныя выбары – усё тое, чым яны не могуць пахваліцца. Яны сядзяць з косткаю ў горле».

Сярод перашкодаў апошняя – гэта адключэнне святла падчас гімну на арганізаваным летась канцэрце да 100-годдзя незалежнасці Польшчы.

Калі казаць пра суды, то папярэдні гучны працэс прайшоў у 2011-м: журналіст Андрэй Пачобут, сябра саюзу, тады амаль тры месяцы правёў у СІЗА за нібыта абразу прэзідэнта.

«Зробленыя такія высілкі, каб гэтую арганізацыю раздзяліць, каб зрабіць з часткі арганізацыі паслухмяную структуру, якая будзе ўпісвацца ў тое што робіць улада», – кажа Віктар Сазонаў.

У 2005-м годзе беларускія ўлады не прызналі вынікаў зʼезду, на якім старшынёю Саюзу палякаў абралі Анджэліку Борыс. Тады частка польскае меншасці зʼядналася ў асобны саюз, які не меў праблемаў з афіцыйным Менскам.

Юлія Цяльпук, belsat.eu