Аналітыкі і палітолагі пракаментавалі «наезд» Лукашэнкі на сілавікоў


Рэха паказальнага разносу сілавікоў Аляксандрам Лукашэнкам. Старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч прызнаў, што колькасць злачынстваў у Беларусі рэзка вырасла. А дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі заявіў: за праваахоўнымі органамі мусіць быць кантроль на ўсіх узроўнях. Аказалася, што следчыя дзейнічаюць з грубымі парушэннямі закону, месяцамі і гадамі трымаюць у ізалятары невінаватых людзей. Але хто стварыў такую сістэму?

Неабходна мяняць стыль і якасць працы міліцыі, а агулам за дзейнасцю праваахоўнікаў патрэбны кантроль на ўсіх узроўнях – упэўнены дзяржаўны сакратар Савету Бяспекі Станіслаў Зась. Ці азначае гэта, што ў Беларусі можа з’явіцца чарговы орган кантролю?

Каментуе кіраўнік аналітычнага праекту BELARUS SECURITY BLOG Андрэй Паротнікаў:

«Я б не казаў, што трэба чакаць чагосьці новага, таму што ў той жа міліцыі ёсць чатыры вертыкалі кантрольныя, якія, умоўна кажучы, кантралююць прынамсі, у тэорыі, кожнага супрацоўніка міліцыі».

Паводле эксперта, гэта кантроль з боку непасрэднага кіраўніцтва, ідэолагаў, Галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі і Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

Бадай, найбольш эфектыўны метад кантролю за працай праваахоўнікаў – незалежныя медыі і блогеры. Фактаў перавышэння паўнамоцтваў сілавікамі ў інтэрнэце апошнім часам зʼяўляецца нямала. Былы міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч казаў, што журналісты і блогеры свядома дыскрэдытуюць міліцыю. Але атрымліваецца, што ўсё наадварот. Да крытыкі сілавікоў далучыўся нават сам Аляксандр Лукашэнка.

На ўчорашняй нарадзе аб пытанні якасці працы праваахоўных органаў ад кіраўніка краіны перапала не толькі міліцыі. Лукашэнка наракаў на кепскія следчыя дзеянні ды збор доказаў, на фальсіфікацыі справаў, прыводзіў як прыклад нават падкіданне наркотыкаў. Кіраўнік Беларусі казаў:

«Некаторыя прыбурэлі і абарзелі ў пагонах да таго, што яны не проста не павінны іх насіць гэтыя пагоны, павінны быць выключаныя з нашага грамадства».

Прыкладаў перавышэння сілавікамі паўнамоцтваў шмат, кажа праваабаронца Андрэй Бандарэнка:

«На самой справе гэта бясконцая плынь фальсіфікацыяў, прыцягванне за вушы фактаў, якія не стыкуюцца з крымінальнай справай, падсадныя качкі і выбіванне паказанняў. І вось па 328 артыкуле гэта абавязкова адзін і той жа чалавек, які ўдзельнічае сведкам амаль ува ўсіх абвінавачаннях».

Між тым, Андрэй Паротнікаў лічыць, што гэты выступ Лукашэнкі – чарговае шоу, не накіраванае на тое, каб развязаць праблему:

«Хачу нагадаць, што ніякіх прозвішчаў вінаватых у тым, што адбываецца, не прагучала, і тое, што мы назіраем, – перш за ўсё гэта працяг старой тактыкі Аляксандра Лукашэнкі, калі ён адказвае толькі за тое, што адбываецца добрага ў краіне, а ўва ўсім кепскім і ўва ўсіх заганах вінаваты нехта іншы».

Ці здзівілі беларусаў прызнанні Аляксандра Лукашэнкі пра метады працы сілавікоў? Пра гэта пытаемся на вуліцах Менску:

«Я думаю, што ніхто не здзіўлены. Проста іншым разам у нас агучваюцца рэчы відавочныя для многіх, проста агучваюцца яны з вялікім спазненнем».

«Я схільная давяраць нашаму кіраўніцтву, Аляксандру Рыгоравічу, таму казаць, што я была здзіўленая, то хутчэй так. Здзіўленая. Таму што я думала, што ў нас усё больш справядліва, сумленна».

«Нічога не зменіцца. Колькі ён ужо ўва ўладзе? 25 год ці колькі? Нічога не мяняецца. На ранейшыя пытанні мы адказаў не атрымліваем».

Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што адна з прычынаў гучнай нарады ў Лукашэнкі – тое, што факты перавышэння паўнамоцтваў праваахоўнікамі бʼюць па рэпутацыі кіраўніка дзяржавы. Што асабліва нявыгадна перад хуткімі выбарамі.

Ян Вярбіцкі, belsat.eu