Амністыя з умовамі


Упершыню асуджаных па «антынаркатычным» – 328ым артыкуле можа чакаць палёгка. Кіраўнік краіны сёння на адмысловай нарадзе разважаў пра мэтазгоднасць сёлетняй амністыі, прысвечанай да 75годдзя перамогі СССР у Другой Сусветнай Вайне.

Узважаны падыход да асуджаных за наркатычныя злачынствы і жорсткае стаўленне да карупцыянераў. Калі яшчэ нядаўна меркавалася, што апошніх амністыя не закране, сёння кіраўнік краіны перадумаў:

«Асобны спіс і перадусім, як дадатак, да ўказу мне на стол. А то мы там зараз павыпускаем сяброў некаторых чыноўнікаў, я яшчэ ўважліва пагляджу, ці варта і за якія злачынствы яны асуджаныя».

Якія карупцыянеры будуць вызваленыя, якім чынам гэта будзе вырашацца – не вядома. Выглядае, што гэтак жа, як і ў выпадку з антынаркатычным артыкулам, дзе абяцаюць кожную справу разбіраць асобна.

«Калі мы і будзем гэтым займацца, то мусім прызнаць, што і адказнасць за такую моладзь ляжыць і на нас – дарослых. Не прасачылі за імі ні бацькі, ні педагогі. Відавочны недахоп прафілактычных захадаў з боку дзяржавы», – сказаў афіцыйны беларускі лідар.

Як тлумачыў кіраўнік МУС Юрый Караеў на пачатку тыдня на тэлеканале «Беларусь-1», для тых, хто спадзяецца на амністыю, існуюць тры галоўныя крытэрыі. Вязень мае адбыць прынамсі палову тэрміну, будзе ўлічвацца ягонае стаўленне да правапарушэння, а сваякі мусяць узяць на сябе адказнасць за амніставанага. Пры гэтым пакараныя паводле наркатычных артыкулаў на вызваленне могуць не спадзявацца. Ім толькі скароцяць тэрмін зняволення на 1 год. Дый тое не ўсім.

«Ну вось прэзідэнт сказаў – закаранелыя злачынцы. Перадусім 4-я частка – гэта ўсе першаходы. Гэта ўжо закаранелыя злачынцы. Бо паводле часткі нумар чатыры закаранелым можна быць, толькі калі арганізаваны наркатрафік. А яны ж не арганізоўвалі гэтага наркатрафіку!», – кажа лідарка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Сярэднія тэрміны паводле артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу – 8–12 гадоў. Амаль кожны трэці, з прыкладна трыццаці пяці тысячаў зняволеных у нашай краіне, сядзіць паводле наркатычнага артыкулу. Абсалютнай большасці – ужо поўнагадовым, нават не зменшаць пакарання.

«Яны не трапілі пад гэтую амністыю. Яны засталіся цалкам па-за справамі. Куды б мы ні хадзілі – нам кажуць, што мы дрэнна выхавалі дзяцей і гэта сапраўды злачынцы. Таму ведаеце, мы будзем змагацца. Мы будзем надалей хадзіць да нашых дэпутатаў», – перакананая лідарка руху «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Цяпер Рух «Маці 328» чакае адказу на свой зварот пра часовае вызваленне з-пад пакарання асобаў, што не здзейснілі цяжкіх злачынстваў, пакуль не суцішыцца пагроза пандэміі. Праваабаронцы заклік падтрымліваюць, але ў тое, што ўлады пойдуць насустрач – не вераць.

«Мы бачым, што дзяржава не надае належнае ўвагі гэтай праблеме ў грамадстве, не кажучы ўжо пра турмы і СІЗА. Мы не бачым, каб дзяржава ў асобе СК або пракуратуры сказала б, што нам у пенітэнцыярнай сістэме ці ў СІЗА трэба прыняць нейкія захады. А мы бачым, што такія захады ёсць нават у Расеі», – паціскае плячыма праваабаронца Вікторыя Фёдарава.

Між іншага, расейскіх вязняў не возяць на суд, а ладзяць відэасувязь. Кожнага дзясятага зняволенага – перадусім за лёгкія злачынствы – вызвалілі ў Францыі. Часова выпускаюць з месцаў пазбаўлення волі каля 85 тысяч вязняў і іранскія ўлады.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»