АМАПавец пра чэрэпна-мазгавую траўму Алеся Лагвінца: Ён стаў біцца галавой аб крэсла


Не суд, а трагікамедыю, можна было назіраць сёння ў працэсе над вядомым палітолагам і выкладчыкам Алесем Лагвінцом, якога арыштавалі на 10 содняў. АМАПавец сведчыў у судзе, што спадар Лагвінец ішоў па вуліцы і гучна лаяўся матам, а пры затрыманні сам пачаў біцца галавою аб аўтамабіль, чым і нанёс сабе шматлікія траўмы, пасля якіх яго прышлося шпіталізаваць.

Надышоў час абуджэння

На выходных у розных кутках Беларусі людзі прыйшлі на галоўныя плошчы сваіх гарадоў. Найбольш актыўных затрымалі.

«Прыйдзе час і за вамі пабяжым, толькі ўжо з віламі!», – крычалі людзі на сілавікоў.

А сёння запрацаваў судовы канвеер

Сталічныя суды ледзь змяшчалі сваякоў і сяброў затрыманых, што хваляваліся за лёс сваіх блізкіх, часта тых людзей, што не ўдзельнічалі ні ў якіх акцыях.

«Міша Цыганкоў і Дзіма Манец – яны ішлі на рэпетыцыю. Мы іх чакалі ў актавай залі, і так атрымалася, што яны акурат трапілі ў гэтае ачапленне і зніклі. Мы іх шукалі суткі, і вось знайшлі тут», – сведчыць Дзмітрый Пышны, студэнт 5-га курсу БНТУ.

Судзілі збітага Алеся Лагвінца

У судзе Маскоўскага раёну сустрэлася і сямʼя выкладчыка і палітыка Алеся Лагвінца. Брутальна збітага пры затрыманні 23 сакавіка, яго прывезлі на судовае паседжанне са шпіталю.

«Мяне абвінавачваюць у парушэнні грамадскага парадку (артыкул 17.10), чаго я не рабіў. Незнаёмыя людзі бандыцкага выгляду выскачылі, атачылі нас з сынам, заштурхалі ў мінібус, там мяне кінулі на падлогу», – тлумачыць палітык.

І ўжо на падлозе, паводле сведкаў-міліцыянтаў, Лагвінец пачаў біцца аб спінку крэсла, чым нанёс сабе чэрапна-мазгавую траўму. Паводле сённяшняй пастановы суда, наступныя дзесяць дзён палітык мае правесці пад арыштам.

Маленькія дзеці патрабуюць вызвалення бацькоў

З плакатам «Свабоду тату!» чакалі ля судовай залі ў судзе Цэнтральнага раёну Менску свайго бацьку дзеці Дзяніса Садоўскага, аднаго з заяўнікаў акцыі 25 сакавіка, якога пакаралі штрафам – Br 1840.

Папоўніць дзяржаўны бюджэт маюць і дзясяткі іншых асуджаных

Беспрацоўныя, студэнты, пенсіянеры, бюджэтнікі, журналісты і праваабаронцы, людзі самых розных прафесіяў і дастатку былі кінутыя за краты і абвінавачаныя ў розных правапарушэннях.

Каго пакаралі найбольш жорстка? Колькі ўвогуле затрыманых?

Шмат жа хто не толькі ў бліжэйшыя дні, але нават у бліжэйшыя тыдні не вернецца ў свае сем’і. Найбольшы тэрмін атрымаў сёння таксіст Леанід Кулакоў – 25 содняў арышту. Актыўна працавала сёння сляпая Феміда і ў рэгіёнах: Віцебску, Гомлі, Магілёве, Бабруйску, Берасці. Содні атрымалі і грамадскія актывісты, і журналісты, і праваабаронцы.

Блізу сотні затрыманых, перадусім патрыётаў сваёй краіны, прайшлі сёння праз судовы канвеер.

«Станоўчым зʼяўляецца тое, што мы ўбачылі аднадумцаў, людзей, якія згодныя рызыкаваць сваёй воляй і жыццём дзеля будучыні сваёй краіны!», – аптымістычна падсумаваў Мікола Буры, адзін з асуджаных удзельнікаў Дня Волі.

Як кажуць рэпрэсаваныя, содні ў арышце скончацца, а любоў да Беларусі і моц застануцца.

Вольга Старасціна, «Белсат», фота: БелаПАН