Амаль чвэрць саджанцаў, якімі азелянілі Гомельшчыну сёлета, не прыжылася


Мусілі расці зялёныя дрэўцы, а стаяць сухія слупы з пажоўклым лісцем. Амаль чвэрць саджанцаў, якімі азелянілі Гомельшчыну сёлета, не здолела прыжыцца. Чаму ў камунальных службаў не атрымалася захаваць дрэвы?

Больш за 70 тысячаў маладых дрэўцаў высадзілі ўвесну ў гарадах і паселішчах Гомельшчыны. Аднак да канца лета не дажылі амаль 19 тысяч саджанцаў. Мясцовыя жыхары бачаць прычыну ў нядбайнасці камунальнікаў:

«Прайдзіце па прысадах. Усе сухія дрэвы. Спёка была, напэўна, ніхто не паліваў. Усё пасохла».

«Ніхто не глядзіць за імі. Яны пасадзілі, уторкнулі – і на гэтым усё, і забылі».

«За цэлае лета, можа, адзін раз палілі, ці два разы палілі».

«Калі добра паліць – яно прымецца. За тымі дамамі таксама пасадзілі. І людзі паліваюць, выходзяць з вёдрамі і паліваюць. Там добрыя дрэвы. А тут? Тут не ведаю».

Месцы веснавых пасадак дрэваў абследавалі эколагі і працаўнікі пракуратуры, аднак відавочных парушэнняў не знайшлі. Віною магла стацца як кепская карэнная сістэма саджанцаў, гэтак і засушлівае надвор’е. Уладзімір Коўзелеў, эколаг АСДЭМА:

«Людзі, якія выконваюць гэтую працу, мусілі больш добрасумленна ставіцца да яе. У асноўным гэта засушлівае лета, мы так думаем».

Надаць увагу азеляненню гарадоў у Год малой радзімы пастанавіў асабіста кіраўнік краіны. У выніку ўрад выпрацаваў план азелянення: 40 адсоткаў саджанцаў – нарматыў для агульнагарадской тэрыторыі, 30 – для мікрараёнаў. Даручэнне мясцовыя ўлады выканалі, аднак ці распрацавалі праект далейшага нагляду?

Даведацца ў аддзеле землеўпарадкавання Гомельскага аблвыканкаму цягам дня нам не ўдалося. Некаторыя парушэнні між тым адзначае эколаг Уладзімір Коўзелеў:

«Сустракаліся з такою праблемаю, што садзім, а там, аказваецца, насыпаны грунт з будаўнічымі адкідамі. Натуральна, што там складана будуць прымацца расліны. Вось таму ўсё гэта адбіваецца ў комплексе і ўплывае, што такі вялікі адсотак не прыжываецца».

Між тым, паводле Уладзіміра Коўзелева, каб грунт утрымліваў вільгаць і дрэва добра прыжылося, перад пасадкаю неабходна было падрыхтаваць адмысловую падушку – пракласці гліну ўнізе ямы. Ці выканаюць гэтыя патрабаванні наступным разам – пабачым падчас наступнага азелянення ўвосень.

Юлія Лабанава, belsat.eu