Аляксей Сігаеў: Сілавікі павінныя зразумець, што яны – таксама беларусы


У Менску затрымалі лідара арганізацыі «Малады фронт» Дзяніса Урбановіча і кіраўніка «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля. Гэта адныя з асноўных арганізатараў акцыі супраць глыбокай інтэграцыі з Расеяй, якую плануюць на 20 снежня. Урбановіч і Афнагель цяпер у спецізалятары на вуліцы Акрэсціна.

Раней міліцыя затрымала кіраўніка Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Паўла Севярынца – яму прысудзілі арышт 15 содняў, але неспадзявана адпусцілі дадому.

Палітыка Паўла Севярынца затрымалі сёння тут, у двары жылога дому, неўзабаве пасля выхаду з пад’езду. Але ён паспеў паведаміць пра гэта сваёй жонцы Вользе.

«Яго чакаюць паміж дамамі нашымі, людзі ў цывільным звычайна яго забіраюць. Сёння ж яго забіраў АМАП, і Паша некалькі разоў паўтарыў, што гэта менавіта АМАП», – кажа Вольга Севярынец.

Севярынца адвезлі ў аддзел міліцыі Савецкага раёну, дзе склалі пратакол за ўдзел у акцыях пратэсту 7–8 снежня. Затым адправілі ў суд, які пакараў палітыка адміністратыўным зняволеннем на 15 содняў, і – адпусцілі. Палітык мяркуе, што гэткімі алагічнымі дзеяннямі ўлады пасылаюць грамадству і палітыкам розныя сігналы.

«Сігнал першы – Расеі. Маўляў, мы трымаем гэтых дэманстрантаў пад кантролем і можам іх схапіць. Сігнал другі – еўрапейцам. Паглядзіце – арыштавалі вядомага палітыка, але правялі прафілактычную гутарку і адпусцілі. Усе задаволеныя, ну а 15 сутак – будзе час, то адседзіць. Сігнал беларусам: 20 снежня а 18:00 плошча Кастрычніцкая – абаронім незалежнасць разам», – паведаміў Павал Севярынец.

Павел Севярынец – адзін з аўтараў звароту, які сёння падпісалі ды накіравалі ў міліцыю, вайскоўцам і ў КДБ сябры кампаніі «Абаронім незалежнасць разам». Актывісты працягваюць рыхтаваць акцыі пратэсту 20 і 21 снежня.

«Беларусы не павінныя баяцца нейкіх сілавікоў. А сілавікі павінныя зразумець, што яны – таксама тыя ж самыя беларусы, нашыя браты, якія мусяць выконваць свой абавязак і ахоўваць канстытуцыйны лад і незалежнасць Беларусі», – кажа сябра БСДП (Грамада) Аляксей Сігаеў.

Сябры аргкамітэту кампаніі «Абаронім незалежнасць разам», які складаецца з лідараў дэмакратычных

партыяў і рухаў, мяркуюць, што масавыя адміністратыўныя пратаколы, якія цяпер складаюць на ўдзельнікаў папярэдніх акцыяў, – няўпэўненыя дзеянні ўладаў.

«Гэта толькі паказчык таго, што яны баяцца людзей, якія мірна пратэстуюць супраць гэтак званай інтэграцыі. А таксама гэта ў пэўным сэнсе страх пасля таго матэрыялу, які з’явіўся адносна зніклых людзей», – кажа адзін з актывістаў Ігар Рынкевіч.

Цягам для таксама стала вядома, што былі затрыманыя актывісты Еўрапейскай Беларусі Яўген Афнагель і Маладога фронту Дзяніс Урбановіч. Але актывісты заяўляюць, што антыінтэграцыйныя пратэсты будуць адбывацца ў Менску ды іншых гарадах незалежна ад дзеянняў уладаў.

Галіна Абакунчык belsat.eu