Аляксандр Лукашэнка загаварыў па-беларуску


Разам з крамлёўскімі льготамі кіраўнік Беларусі губляе патрэбу дапасоўвацца да Расеі. На вачах Пуціна «мухі аддзяляюцца ад катлет». Аляксандр Лукашэнка пачаў прамаўляць па-беларуску. Трох хвілінаў хапіла дзеля стварэння інфармацыйнай хвалі.

Як і мае быць: Трамп кажа па-ангельску, Макрон – кажа па-французску. Пуцін і Лукашэнка губляюць адзіную мову… Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка перайшоў на ўласную:

«Мы ганарымся сваёй гісторыяй і зямлёй, Радзімаю славутых людзей, нашых з вамі суайчыннікаў. Ведаем свае карані, ушаноўваем традыцыі».

Прамова на мове тытульнай нацыі ды яшчэ і ў патрыятычным ключы сталася нечаканаю, але прыемнаю для слухачоў. Моўныя эксперыменты Лукашэнкі людзі ўспрынялі неадназначна.

«Большасць людзей усё роўна кажа па-расейску».

«Прэзідэнт мусіць размаўляць з народам на роднай мове».

«Адзін чалавек не пры чым. Справа не ў ім, справа ў нас».

«Ён правільна зрабіў – я ЗА!» – распавядаюць жыхары Менску.

Не такі ўжо сябар беларускасці… Моваю тытульнай нацыі Лукашэнка карыстаўся ўсяго некалькі разоў, а ў іншых выпадках – мову абражаў: «По-белорусски нельзя выразить ничего великого. Белорусский язык – бедный язык. В мире существует только два великих языка – русский и английский».

Праз Рэферэндум 1995-га года ён жа пазбавіў мову статусу адзінай дзяржаўнай. Тады малады кіраўнік узяў курс на Расею і мову абраў адпаведную. Цяпер жа апелюе да мовы, каб абараніць сваю ўладу – лічыць Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі (1991-1996):

«У сітуацыі, калі Крэмль пачынае паглынанне Беларусі, а дакладней – актывізуе гэты працэс, ён што называецца нутром (інтуітыўна) адчуў, што трэба ратавацца».

…праз нацыянальную ідэнтычнасць, базавымі складнікамі якое з’яўляецца мова, гісторыя, герб і сцяг… У сваёй 3-хвіліннай прамове Лукашэнка ўзгадваў, што…

«Самое паняцце «духоўнае адраджэнне» для беларускага народу не проста прыгожая метафара».

Каб метафара зрабілася рэчаіснасцю, трэба пайсці на «складаныя» крокі, гаворыць Сяргей Навумчык:

«Вярнуць статус беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай, вярнуць Пагоню і бел-чырвона-белы сцяг, адкрыць у Менску і вобласцях беларускамоўныя школы, прыгледзецца да тых прарасейскіх арганізацыяў, якія дзейнічаюць ва ўсіх, падкрэсліваю, рэгіёнах Беларусі».

Чвэрць стагоддзя мова развіваецца ў недзяржаўным сектары, шырока ўжываецца ў медыях, змагаецца за носьбітаў праз адмысловыя праекты, літаратуру ды інтэрнэт. Сёлета маем магчымасць паспрыяць яе вяртанню ў афіцыйны ўжытак – падчас перапісу насельніцтва пазначыць сваю беларускамоўнасць. Але хуткі вынік – дасягальны толькі праз Лукашэнку…

«Пастаянны пераход на беларускую мову азначаў бы перамены ў дзяржаўнай палітыцы. Гэта быў бы сігнал, што раз можна наверсе, то можна паўсюль. І гэты сігнал абсалютна дакладна адразу падхапілі б вертыкальныя чыны», – тлумачыць палітычны аглядальнік Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Бо на цяперашні момант – бачым толькі гульню словаў. Адно па-расейску, другое па-беларуску – гэтаксама як у прэзентаваным нядаўна гімне… Саюзнай дзяржавы.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM