Аляксандр Лукашэнка: З карупцыянераў паляцяць пёры і трыбухі!


Узмацніць пакаранне за карупцыю абяцае кіраўнік краіны. За ім гэтыя ж словы паўтарае генеральны пракурор. Чаму за амаль 25 гадоў кіравання Аляксандру Лукашэнку гэтак і не ўдалося перамагчы карупцыю?

У суд ужо скіравалі чатыры крымінальныя справы супраць пяці абвінавачаных, адзін з якіх – намеснік міністра аховы здароўя. Пра хаду нашумелага расследавання карупцыі ў сферы паставак медабсталявання распавёў на нарадзе аб барацьбе са злачыннасцю генпракурор Аляксандр Канюк. А напярэдадні Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што карупцыянераў больш не будуць вызваляць датэрмінова:

«Літасці не чакайце. З тых, хто будзе гэта рабіць, будуць ляцець пёры. А можа, і трыбухі!»

Праўда, апытаныя намі эксперты да заявы Лукашэнкі ставяцца скептычна.

«Давайце пакінем абяцанні Аляксандра Рыгоравіча на ягоным сумленні. Усе выдатна разумеюць, што прэзідэнт гаспадар свайго слова – сёння даў, заўтра ўзяў», – кажа юрыст Сяргей Балыкін.

У Менску КДБ знайшоў выпадкі карупцыі ва ўсіх сферах – ад прамысловых гігантаў да школьных сталовак – заявілі на нарадзе аб развіцці сталіцы. Паводле экспертаў, найбольш хабару і «адкатаў» даюць пры падпісанні кантрактаў у медыцыне, сельскай гаспадарцы ды жыллёва-камунальнай гаспадарцы.

«Там, дзе прысутнічае дзяржава ды існуюць дзяржаўныя закупкі, – там будзе карупцыя ў велізарных маштабах. Ад гэтага мы не сыдзем, тым больш, што ў нас дзяржаўная манаполія на ўсё, таму карупцыя ў нас ва ўсім», – каментуе былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец.

Улады рэгулярна заводзяць крымінальныя справы супраць кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў і нават раёнаў. Жыхары Менску падзяліліся меркаваннем, чаму пастаянныя арышты не робяць беларускіх чыноўнікаў непадкупнымі:

«Таму што даюць! Вось на мясакамбінаце быў, сем гадоў пасля пенсіі адпрацаваў – трох дырэктараў за гэты час пасадзілі. Па 500 тысяч еўраў кралі».

«А ў каго шмат ёсць, тыя і хочуць яшчэ! Рукі ў іх заграбушчыя! Значыць, трэба іх мяняць, чыноўнікаў».

«Яны адзін з адным павязаныя, таму і не баяцца».

«Бяруць, але ж не так, як у Расеі. А чаму – гэта індывідуальнае пытанне».

«Не караюць. І больш я хачу сказаць: іх пакрываюць! МУС пакрывае іх!»

Міжнародная арганізацыя Transparency International лічыць, што карупцыя ў Беларусі сустракаецца гэтак жа часта, як у Сенегале і на Ямайцы. Яе ўзровень крыху вышэйшы, чым у Вугоршчыне, але ніжэйшы, чым у Балгарыі. Калі верыць рэйтынгу, за апошняе пяцігоддзе ў сферы барацьбы з карупцыяй Беларусь дасягнула значнага поспеху. Але каб перамагчы, трэба ліквідаваць не праявы, а першапрычыну карупцыі – кантроль чыноўнікаў над эканомікай.

Месца Беларусі ў рэйтынгу некарумпаванасці (з 180 краінаў):

2012 – 123

2014 – 119

2017 – 68

«У нас пабудаваная сістэма рэгулявання эканомікі, якая грунтуецца на татальным кантролі з боку дзяржавы. Яна заснаваная на пастаянных дазволах, праверках, пастаянных рашэннях, на высокіх паўнамоцтвах чыноўнікаў», – кажа юрыст Сяргей Балыкін.

«Калі я займаўся пастаўкамі медабсталявання, то ўдзельнічаў у тэндары, і мае кошты былі самыя нізкія ў Беларусі. Дык мне патэлефанавалі і сказалі: «Не патрэбныя нам нізкія кошты. Мы купляем у структуры Упраўлення справамі прэзідэнта – у дзесяць разоў даражэй!» – кажа Сяргей Скрабец, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў.

На думку экспертаў, зарэгуляванасць эканомікі наносіць Беларусі нават большую шкоду, чым «адкаты» і кумаўство. Там, дзе знішчаецца дзелавая ініцыятыва, квітнее беднасць. А беднасць таксама вядзе да карупцыі.

Аляксандр Папко, belsat.eu