Алімпіяда: у пробах расейскага кёрлінгіста знайшлі мельдоній


Алімпіяда

На Алімпіядзе сёння змагаліся за тры камплекты ўзнагародаў. Бабслей, двойкі мужчынскія – першае месца падзялі канадцы і немцы, якія паказалі роўны час нават да сотых долі секунды. У камандных скачках з трампіліна першая тройка наступная – Нарвегія, Нямеччына, Польшча.

З беларусаў у панядзелак мы сачылі толькі за адным спартоўцам, а выступаў Ігнат Галавацюк. У канькабежным спорце да дыстанцыі 500 метраў ён фінішаваў 22-і, і гэта для яго найлепшы асабісты вынік для раўніннага катка. Золата тут заваяваў нарвежац Говар Люнтсэн.

Пасля кароткай праграмы танцаў на лёдзе ў фігурным катанні на Алімпіядзе лідарства захапіў канадскі дуэт Тэса Эрчу і Скот Мойр. За свой пракат спартоўцы з Краіны кляновага лістка атрымалі 83 цэлыя і 67 сотых бала і тым самым абнавілі новы сусветны рэкорд, які ўсталявалі яны ж, а ён складаў 82 і 68. Другое месца заняла пара з Францыі, Габрыелля Пападакіс / Гіём Сізэрон, на трэцім радку пакуль спыніліся амерыканцы Мэдысан Габэл і Экары Донаг’ю. Пераможцы ў фігурыстаў у танцах на лёдзе вызначацца ўжо заўтра, калі спартоўцы ад’ездзяць адвольную праграму.

Допінг-скандал

Допінг-проба Б расейскага кёрлінгіста Аляксандра Крушальніцкага, якую раскрылі сёння, таксама дала станоўчы вынік, а ў арганізме спартоўца выявілі забароненае рэчыва – мельдоній.

Андыдопінгавае падраздзяленне спартовага арбітражнага суда ў Лазане адкрыла справу ў дачыненні атлета, за парушэнне андыдопінгавых правілаў. Аляксандр разам са сваёй жонкай Анастасіяй Брызгалавай прынёс Расеі першы медаль на Алімпіядзе, узяўшы бронзу ў дабл-міксце. Крушальніцкі ўжо здаў сваю акрэдытацыю на Гульнях і пакінуў алімпійскую вёску ў Пхёнгчхангу. Чакаецца, што па выніках расследавання алімпійскага атлета з Расеі могуць дыскваліфікаваць і ануляваць ягоныя вынікі на зімовых Гульнях, а гэта значыць, што Расея пазбавіцца бронзы, а ў агульнакамандавым заліку ў яе пакуль 20-ты радок. Паводле ўзнагародаў лідаруюць нарвежцы, у якіх ужо 28 медалёў. Далей размясціліся немцы і канадцы.

Тэніс

Максім Мірны і ФІліп Освальд сталі пераможцамі тэніснага турніру «Нью-Ёрк Оўпэн» у парным разрадзе. Беларуска-аўстрыйскі тандэм быў мацнейшы 6:4, 4:6, 10:6 за Вэслі Коўлгафа (Нідэрланды) / Арцёма Сітака (Аўстрыя). Для беларуса парны фінал у Нью-Ёрку стаў сотым у прафесійнай кар’еры. Адзначу таксама, што Мірны выгуляў тут свой 51-ы тытул.

Пэтра Квітава пачынала тэнісны турнір «Катар Тоўтал Оўпэн» 21-ю ракеткаю свету, а скончыла яго, замкнуўшы першую дзясятку рэйтынгу WTA. Чэшка дакрочыла да фіналу спаборніцтваў, а там ва ўпартай барацьбе нанесла паразу 3:6, 6:3, 6:4 іспанцы Гарбінне Мугурусе, якая ў планетарным спісе на чацвёртым радку. Спартоўкі даволі доўга былІ на корце, а за дзве гадзіны і 16 хвілінаў, што цягнулася сустрэча, Пэтра зрабіла 6 эйсаў і тры брэйкі, пры гэтым адзін раз памылілася пры падачы. Тытул у Досе стаўся для Квітавай другім у сезоне, 22-м у кар’еры ды прынёс ёй 900 балаў рэйтынгу і 591-ну тысячу долараў прызавых.