Алімпійскія гульні завершаныя: Беларусь – 15-я ў агульным заліку


Зімовыя алімпійскія гульні завершаныя і Спартоўцы з заўзятарамі падлічваюць медалі! Беларусь у агульным заліку пятнаццатая – з двума залатымі медалямі і адным срэбрам. А ў лідарах нарвежцы. Алімпіяда ў Паўднёвай Карэі запомніцца рознымі нечаканасцямі, допінг-скандаламі, але перш за ўсё – спартовымі адкрыццямі і дасягненнямі.

Алімпійская казка скончылася. Вось яна – поўная колераў і святла цырымонія закрыцця дваццаць трэцяе зімовае Алімпіяды ў Пхёнґчхангу.

Зноў шматлікія дроны, як і на адкрыцці. Алімпійскі мядзведзік ператвараецца ў вялізнае сэрца, якога цяпер будзе не хапаць, бо за яго біццём мы сачылі два спартовыя тыдні.

«Дарагія спартоўцы з Нацыянальных алімпійскіх камітэтаў Рэспублікі Карэя і КНДР, вашым супольным маршам вы раздзялілі з намі веру ў мірную будучыню з усімі намі. Вы паказалі, што спорт прыносіць яднанне ў нашым крохкім свеце», – заявіў кіраўнік МАК Томас Бах.

А яшчэ спорт прыносіць рэкорды і медалІ. Для Беларусі – два залатыя і адно срэбра. Вызначыліся жаночая зборная па біятлоне, Дар’я Домрачава і фрыстайлістка Ганна Гуськова.

Жыхары Менску кажуць:

«Спачатку расчаравала Домрачава, а потым апраўдала нашыя спадзевы».

«Я задаволены нашай жаночай зборнай па біятлоне. Дзяўчаты ўвогуле малайцы».

«Што да лыжнага спорту, то, вядома, там падцягвацца трэба».

«Для Беларусі два золаты і адно срэбра – гэта вельмі выдатна. Ні адна краіна ў свеце, такая маленькая, хіба не атрымала столькі медалёў, як нашая Беларусь».

Але не. Абсалютным лідарам стала Нарвегія – амаль удвая меншая за Беларусь краіна. Нямеччына і Канада наступныя. А вось мы пятнаццатыя ў агульнамедальным заліку.

«Тры медалі – цалкам добры вынік. І алімпіяда паказала, што нам, калі мы хочам больш медалёў, трэба сканцэнтравацца на канкрэтных відах спорта, якія ў нас даюць поспех: гэта біятлон, лыжная акрабатыка, я б яшчэ сюды ўключыў канькі, канькабежны спорт, бо там у нас ёсць добрыя маладыя Марына Зуева і Ілля Галавасюк, яны перспектыўныя. Ну і хакей, таму што гэта самы відовішчны від спорта», – кажа Сяргей Южык з газеты «Прессбол»

Але апроч спартоўцаў і іх здольнасцяў эксперты ставяць і адміністрацыйныя пытанні, якія перашкаджаюць перамагаць.

«Цяпер новае мысленне, цяпер іншыя людзі павінны быць – маладзейшыя, не гэтыя шасцідзесяцігадовыя, яны ўжо аджылі свой век, трэба па-новаму прасоўваць. Цэлы комплекс праблемаў. Але галоўная праблема – гэта беднасць краіны і бярэм крыху далей – няправільная палітыка і ў дачыненні да спорта», – кажа спартовы журналіст Уладзімір Даўжэнка.

Айчынны спорт патрабуе рэфармавання. Досвед невялікіх скандынаўскіх краінаў паказвае, што вынікі – гэта грошы, але і не толькі.

«Трэба нешта рабіць. Але я не ведаю, калі дрэнная эканоміка ў краіне – гэта залежыць ад дрэннае палітыкі. Вось дзе, на маю думку, асноўная праблема. А тое, што нешта дзесьці падрэтушуюць, некаму пару клюшак падораць ды іншае – гэта не сістэма», – адзначыў Даўжэнка.

Таксама важнае пытанне з допінгам. Яно стала вызначальным на гэтых гульнях. Асабліва для зборнае спартоўцаў з Расеі. Нават у пробах некаторых атлетаў, што трапілі на алімпіяду, знайшлі забароненыя рэчывы.

Хоць алімпіяда паказала таксама, што чысты спорт можа існаваць – і перамагаць ніхто не перашкодзіць. Гэтак, Расея ўпершыню за больш як дваццаць гадоў здабыла золата ў хакеі.

Пакуль жа алімпійскі агонь згас, але каб ужо праз чатыры гады запаліцца ў Пекіне.

Сяргей Падсосонны, «Белсат»

Фота – REUTERS