Акумулятарны завод: берасцейцы не вераць абяцанням уладаў


Больш за трыста чалавек сабрала шэсце па цэнтральных вуліцах Берасця. Людзі выйшлі на штонядзельны пратэст супраць шкоднага, на іхную думку, акумулятарнага заводу «АйПаўэр», пабудаванага непадалёк гораду.

«Выявілі калодзеж са шчолаччу на гэтым прадпрыемстве. Што ўлады зрабілі, каб прыбраць гэтую шчолач і выявіць, як яна туды трапіла? Нічога. Заварваюць усе калодзежы, каб грамадскасць не магла бачыць, што там адбываецца. Ліўневыя люкі закрываюць, замкі вешаюць», – кажа праціўнік акумулятарнага заводу Дзям’ян Лепясевіч.

Сёння ўлады зладзілі адкрытую сустрэчу з грамадзянамі. Старшыня гарвыканкаму Аляксандр Рагачук і старшыня абласнога камітэту прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Гарошка запэўнівалі, што цяпер завод не працуе, праводзіцца экспертыза, небяспекі пакуль не выявілі.

«Адзін з аргументаў людзей, што вагаюцца, – у тым, што дынаміка назапашвання свінцу ў глебе падвойная. Вы гэта адмаўляеце?» – заявіў Аляксандр Рагачук.

«Так, на сёння адмаўляю. Так як былі ўзятыя лічбы 15 міліграм – па тэрыторыі прамзоны, 5 міліграм – санітарна-абарончая зона», – адзначыў Аляксандр Гарошка.

Hавiны
Берасцейцы працягваюць пратэставаць супраць акумулятарнага заводу. Улады да іх не ідуць
2019.06.23 16:02

Гэткія заявы берасцейцы чуюць не першы раз, але на свае вочы – бачаць парушэнні. Таму большасць сустрэчу праігнаравала. Актывісты ўпэўненыя, што чыноўнікі адмыслова прызначылі сустрэчу на 11-ую раніцы, каб сарваць запланаваны а 12-ай пратэст.

«Актыўных дзеянняў і вытворчых працэсаў там не адбываецца, але ўсё роўна людзі, якія там знаходзяцца, – фіксуюць рэгулярныя адкіды прамсцёку, якія ніяк не стыкуюцца з тым, што прадпрыемства не працуе. Рэгулярна працуе кацельная ў начны час. І агульная абстаноўка не стыкуецца з тымі заявамі, што зрабіў губернатар Ліс», – заяўляе праціўнік акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк.

Абноўлена
Кіраўнік Берасцейскага гарвыканкаму: «акумулятарны завод – самы вялікі гемарой» для гораду
2019.06.20 12:22

Гэтак, старшыня Берасцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс даваў распараджэнне цалкам прыпыніць працу заводу, аднак, паводле актывістаў, на справе забарона не выконваецца. Як яны даведаліся ад чыноўнікаў, канкрэтных асобаў дзеля гэтай задачы Ліс не прызначаў.

Юлія Лабанава, «Белсат»