Актывісты шукаюць чыноўнікаў адказных за смерць школьніцы на прымусовых работах


«Мы шакаваныя проста, мы прыехалі з Менску адмыслова да вас» – чыноўнікаў на дыван, каб адказалі за смерць дзіцяці, патрабавалі сёння ўдзельнікі акцыі ў Маладзечна.

АЛЕГ КОРБАН, ЛІДАР «АЛЬТЭРНАТЫВЫ»:

«Мы выступаем супраць прымусовай, рабскай працы, у першую чаргу школьнікаў, непаўналетніх школьнікаў, нават тых, якія яшчэ няма 14 гадоў, бо мы гэта лічым страшным беззаконнем у нашай краіне. І мы хочам, каб гэтая савецкая традыцыя ў Беларусі спынілася».

Актывісты «Альтэрнатывы» у Сусветны дзень барацьбы супраць рабства правялі акцыю ля Маладзечанскага райвыканкаму. Менавіта пад Маладзечна 29-га верасня здарылася трагедыя: 13-гадовая Вікторыя Папчэня трапіла пад колы МАЗа. Навучэнцаў 8-га класу замест дзесяцікласнікаў прывезлі на збор бульбы ў вучэбны дзень. Па факце смерці распачалі крымінальныя справы ў дачыненні дзвюх настаўніц, а таксама кіроўцы грузавіка. Дырэктар школы атрымаў вымову.

АЛЕГ КЕРОЛЬ, АКТЫВІСТ «АЛЬТЭРНАТЫВЫ»:

«Вінаваты не гэты кіроўца, на якога вешаюць усе гэтыя абвінавачанні, а вінаваты той, хто скіроўвае і выдае такія пастановы. А гэта, як я думаю, у Менску».

«Не хачу, каб пакаралі толькі настаўнікаў і кіроўцу» – пагаджаецца і бацька загінулай. Алег Папчэня падаў грамадзянскі пазоў супраць кааператыву «Усход-агра», дзе працавалі дзеці, ды маладзечанскіх чыноўнікаў. Ён патрабуе высветліць факт працоўных дачыненняў паміж дачкою ды калгасам. Кіраўніцтва школы цвердзіць: на полі адбываўся «выхаваўчы працэс», а не праца.

АЛЯКСАНДР БУХВОСТАЎ, СТАРШЫНЯ СВАБОДНАГА ПРАФСАЮЗУ МЕТАЛІСТАЎ:

«Калі гэта выхаваўчы працэс, значыць ён мусіць быць арганізаваны па іншаму ад вытворчых працэсаў. А калі гэта вытворчы працэс, то трэба каб дзіцяці было ўжо 14 гадоў, каб пэўныя былі створаныя ўмовы».

Пры гэтым супраць працаў навучэнцаў у калгасах – і не толькі школьнікаў, але і студэнтаў – выступаюць у Міністэрстве адукацыі. Паводле ведамства, адпаведную забарону разаслалі ў выканкамы яшчэ ўвесну. Але ў Маладзечна, відаць, пастанавілі па-свойму.

ЖАННА КУЛАКОЎСКАЯ, ПРАДСТАЎНІЦА МАЛАДЗЕЧАНСКАГА РАЙВЫКАНКАМУ:

«Праца ўвогуле ў полі не прадугледжаная, ніхто не прымушае ўвогуле».

Не прымушаюць, але ці ёсць магчымасць адмовіцца? Цяпер ужо былая завуч школы № 11 Галіна Пішчык на судзе заявіла, што лісты выканкаму аб высыланні школьнікаў на палі ўспрымае не як просьбу, а як загад.

ЖЫХАРЫ МАЛАДЗЕЧНА:

«Тут уся віна больш кладзецца на аддзелы адукацыі, які паслаў дзяцей у поле».

«Дастаткова беспрацоўных, дакладна не школьнікі, мне падаецца і старэйшыя класы таксама не павінны працаваць на палях».

«У мяне дачцэ цяпер 14 гадоў, куды яе на бульбу? Тым больш гэта фізічная праца, хаця яны там пару гадзінаў працавалі, але я лічу, што не варта дзяцей пасылаць».

І прымусовая праца – не толькі на калгасных палях. Беларусь застаецца пад пільным вокам Міжнароднай арганізацыі працы яшчэ і праз кароткатэрміновыя кантракты, лячэбна-працоўныя прафілакторыі ды нашумелы дэкрэт аб дармаедах. Праваабаронцы ўпэўненыя, што ўсё гэта праявы сучаснага рабства.

Таццяна Рэут, «Белсат»