Актывісты лічаць, што людзей на вуліцу выведуць экалагічныя праблемы


Апазіцыйныя кандыдаты ў Палату прадстаўнікоў працягваюць выкарыстоўваць пікеты для змагання з пагрозамі ад шкоднай вытворчасці: без надзеі на мандат дэпутата, але з надзеяй на чыстае паветра.

«Спынім хімічны Чарнобыль!» Нядзельны пікет кандыдаткі ад АГП Таццяны Сівачэнкі быў прысвечаны пратэсту супраць расейскага заводу «Омск-Карбон Магілёў», які маюць запусціць да канца гэтага года.

«Я хачу падняць праблемы экалогіі. Толькі ў перыяд перадвыбарчай кампаніі мы маем права вось так афіцыйна стаяць з плакатамі і агітаваць людзей», – кажа Сівачэнка.

Акрамя гэтага кандыдатка заахвочвае грамадзянаў станавіцца назіральнікамі, каб чарговы раз зафіксаваць парушэнні працэдуры выбараў. Пра тое, што галасы на ўчастках як след не палічаць, у АГП гавораць ужо цяпер.

«Партыя, якая займаецца выбарамі, якая мае дзесяць кандыдатаў у Магілёўскай вобласці, у нас няма ніводнага прадстаўніка ні ў воднай камісіі ў гэтай вобласці», – гаворыць чалец партыі Уладзімір Шанцаў.

Не верыць у сумленнасць выбараў і большасць апытаных намі магілёўцаў:

«Выбары адбудуцца ў такім жа фармаце. Нічога новага не адбудзецца».

«Я думаю, што нічога не зменіцца. Усё будзе, як і было».

«Я стараюся не ўнікаць у палітыку, яна мне не падабаецца. Мне яе не выкладалі ва ўніверсітэце, яна мне не падабаецца».

У іншым канцы Беларусі – у Берасці – кандыдат на дэпутата Уладзімір Мароз таксама ўздымае пытанні экалогіі. Мітынг з патрабаваннем канчаткова закрыць акумулятарны завод «АйПаўэр» запланаваны на 3 лістапада ля Палацу культуры прафсаюзаў.

Сёння ж на галоўнай плошчы Берасця больш за 100 чалавек зноў вышлі на традыцыйнае кармленне галубоў.

«Людзі маюць атрымліваць годны заробак у сябе на радзіме. Не – заводу АКБ! Не будаўніцтву атамнай электрастанцыі! Баста рэжыму Лукашэнкі! Баста калгаснай дыктатуры!», – гучала сёння ля стэндаў кампаніі «Еўрапейская Беларусь».

Пратэстоўцы нагадваюць: на прадпрыемстве працягвае назірацца актыўнасць.

«Кожны дзень прыязджаюць 20–25 чалавек на працу, ідзе нейкі тэхпрацэс. Рэгулярна прыязджае і з’язджае грузавы транспарт», – гаворыць удзельнік «свінцовае варты» Алег Вялаў.

Улады пакуль ніяк не рэагуюць на выяўленыя факты, кажа актывіст.

Затое не зарэгістравалі кандыдатамі на дэпутацтва праціўнікаў акумулятарнага заводу Рамана Кісляка і Алену Макарэвіч.

«Я лічу, што меў месца падман. Гэта злачынства, якое мае расследавацца нашымі праваахоўнымі органамі», – кажа актывістка.

Праваахоўныя органы ж сёння з мегафонам спрабавалі сагнаць з плошчы людзей, якія кармілі галубоў.

«Калі ўлады хочуць атрымаць сацыяльны выбух перад выбарамі, яны атрымаюць. Усе перадумовы да гэтага ёсць, гэта нерэгістрацыя кандыдатаў паводле надуманых прычынаў, калі працягнецца ў тым жа духу, сацыяльная напружанасць будзе расці», – зазначае праціўнік акумулятарнага заводу Зміцер Бекалюк.

Актывісты сцвярджаюць, што будуць працягваць выходзіць на плошчу, прынамсі, пакуль пытанне заводу не развяжуць раз і назаўсёды.

Вітаўт Сіўчык belsat.eu