Актывісты ідуць у палітыку – паслухайце, навошта ім гэта трэба


Таццяна Сівачэнка з кампаніі «Дыхай свабодна» (Магілёў)

Сёння яны змушаюць уладу ісці насустрач у вострых грамадскіх пытаннях, а заўтра – могуць стацца дэпутатамі і непасрэдна ўплываць на прыняцце рашэнняў. Грамадскія актывісты з шэрагу беларускіх гарадоў кідаюць выклік уладзе – будуць балатавацца сёлета ў Палату Прадстаўнікоў.

Блогер Аляксандр Кабанаў сярод арганізатараў руху праціўнікаў Заводу свінцова-кіслотных акумулятараў пад Берасцем ідзе ў дэпутаты з канкрэтнымі мэтамі.

«Мы будзем агучваць усе пытанні, якія ўзнялі гэты пласт праблемаў цягам 1,5 года пратэстаў у Берасці. Атрымліваецца што законы ў нас ёсць, але яны не працуюць. А Закон – гэта тое што стварае Палата Прадстаўнікоў, законатворчы орган», – кажа Кабанаў.

«Грамадзянскія, рэгіянальныя ініцыятывы як выклік для ўлады і новыя магчымасці для пераменаў» – назва сённяшняе канферэнцыі, і адпаведны склад удзельнікаў.

Ініцыятыва «За здаровы Магілёў» стрымала павелічэнне магутнасцяў на мясцовым прадпрыемстве «Омск Карбон», выкіды з якога ў пробах перавышалі дапушчальныя ў 40 разоў. Парламенцкай кампаніі актывісты не прапусцяць.

«У гэты момант жыхары гарадоў больш наслуханыя пра палітыку, пра нейкія праблемы, інтэгруюцца ў пытанні і гэта вельмі файная падстава прапрацаваць гарадскія, лакальныя, рэспубліканскія праблемы з жыхарамі», – кажа ўдзельніца ініцыятывы Таццяна Сівачэнка.

Балатавацца ў дэпутаты будуць рэальныя людзі, якія стаяць за рэальнымі справамі. Напрыклад, жанчыны з «Матчынага руху 328», якія вядуць перамовы з дэпутатамі за больш лагодныя выракі для пакараных за наркотыкі дзяцей.

Рэпартаж Юліі Цяльпук глядзіце ў поўным выданні навінаў за 4 верасня

Вылучаецца і мае каманду таксама Вольга Беляўцова з праекту «Ваколіца», які супрацьстаіць зносу старых будынкаў і шчыльнай забудове ў Менскім раёне, спрыяе аднаўленню інфраструктуры:

«Мы разумеем, што дзеля таго каб нешта змяніць, не марнуючы шмат паперы і шмат часу, каб дагрукацца да чыноўніка. Выбары – гэта найбольш моцны спосаб камунікацыі і ўплыву на тыя пытанні якія ў нас стаяць», – кажа Вольга Беляўцова.

Супраць шкоднага Светлагорскага цэлюлозна-кардоннага камбіната таксама ідзе змаганне і мае сваіх лідараў.

«Іду на выбары, ведаю, што будзе безумоўна складана прайсці туды ў парламент, бо мяркую што ўсе ведаюць – выбары ня чэсныя і не празрыстыя, пра што кажа ўжо фармаванне акружных выбарчых камісіяў», – заяўляе эколаг-актывіст Андрэй Смалянчук.

Цэнтрвыбаркам сёння зацвердзіў склад акруговых выбарчых камісіяў – з 1430 толькі 31 чалец камісіі – з апазіцыі:

«Справядлівы свет» – 23

БСДП («Грамада») – 4

БНФ – 3

АГП – 1

У дзейнай Палаце Прадстаўнікоў – толькі дзве апазіцыянеркі. Рэшту фатэляў займаюць чыноўнікі, дырэктары прадпрыемстваў і калгасаў, чальцы арганізацыі «Белая Русь« і г. д.

Выбары пройдуць 7-га і 17-га лістапада. Спачатку – абранне сябраў Савету рэспублікі, а праз 10 дзён – дэпутатаў Палаты Прадстаўнікоў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»