Актывісты дамагліся ахоўнага статусу для габрэйскіх могілак у Магілёве


Габрэйская грамада Магілёва дабілася ахоўнага статусу для старажытных могілак. Створаны прэцэдэнт для ўсёй краіны. Могілкам 19–20 стагоддзя пагражала поўнае знішчэнне, але цяпер за іх станам сочаць і актывісты, і дзяржава.

Старшыня «Магілёўскай габрэйскай грамады» Аляксей Каплан праводзіць нас па могілкам.

«Складзеныя такім чынам рукі кажуць пра тое, што нашчадкі гэтых людзей былі коэнамі, святарамі. Яны насілі адпаведныя прозвішчы – Кац, Коэн, Каплан».

Сёння адшукаць у Магілёве сваякоў тых, каго хавалі на габрэйскіх могілках у 19–20 стагоддзях, немагчыма. Усё тагачаснае габрэйскае насельніцтва гораду было знішчанае або збегла ад знішчэння. А паводле новай рэдакцыі Закону аб пахаванні з 2015 года недагледжаныя могілкі маюць права дэмантаваць.

«Пагоршыла гэта ўсё тое, што прадпрыемствы, якія адказваюць за могілкі, правялі так званую прыборку, і вельмі вялікая колькасць надмагілляў была разбураная спілаванымі дрэвамі, усё было захламленае», – тлумачыць старшыня «Магілёўскай габрэйскай грамады» Аляксей Каплан.

Магілёўская габрэйская грамада звярнулася да ўладаў з просьбаю надаць могілкам ахоўны статус, а ў гэты час зладзіла некалькі суботнікаў пры ўдзеле прадстаўнікоў розных веравызнанняў і нацыянальнасцяў.

«Літаральна ў тым годзе, калі мы прыходзілі сюды на талаку прыбіраць гэтыя могілкі, гэтая мацэва была зламаная і ляжала плашмя на зямлі, зараз яе адрэстаўравалі, і вось, паглядзіце, якая прыгажосць на сённяшні дзень», – каментуе Алег Дзьячкоў, старшыня Таварыства беларускай мовы ў Магілёве.

Рэстаўрацыйныя працы на могілках габрэйская грамада распачала за кошт ахвяраванняў (сайт для ахвяраванняў – mogjewshistory.ru). Папярэдне ўсе пахаванні занеслі ў інтэрнэт-каталог, а цяпер вылучылі квадрат 15 на 15, дзе вядуцца аднаўленчыя працы.

«Мы фатаграфуем кожны помнік, як ён быў да працэсу аднаўлення і пасля, і людзі могуць параўнаць. Ёсць людзі, якія сапраўды знайшлі сваякоў сярод тут пахаваных, і яны вылучаюць канкрэтную суму на гэтыя пахаванні, на аднаўленне гэтых пахаванняў», – кажа Аляксей Каплан.

Габрэі напрыканцы 19 стагоддзя складалі прыкладна палову насельніцтва Магілёва. Пра вядомых габрэяў у Магілёве ўзгадвае Алег Дзьячкоў:

«Вот менавіта гэта мацэва – магільная пліта вядомага магілёўца Цукермана, які пабудаваў сінагогу ў самым цэнтры Магілёва. Гэты будынак захаваўся да нашага часу, да рэвалюцыі ён быў так і вядомы – як сінагога Цукермана».

Побач – магілы магілёўцаў Сямховіча і Лур’е, іхным і́менем таксама зваліся дамы ў цэнтры Магілёва. Дарэчы, будынкі захаваліся, хоць і змянілі свае назвы, а магілы трэба ратаваць. З гэтым мае дапамагчы статус гісторыка-мемарыяльнага месца пахавання, які пятага чэрвеня надаў могілкам Магілёўскі аблвыканкам. Статус абараняе клады ад знішчэння, ускладае большую адказнасць на мясцовыя органы кіравання і дае габрэйскай грамадзе час спакойна іх рэстаўраваць.

Вольга Васільева, belsat.eu