Актывісты аб'ядналіся, каб супольна весці даследаванні месцаў сталінскіх расстрэлаў


Ушанавалі разам памяць тых, хто бязвінна загінуў ад рук сталінскіх катаў. У Гомлі адбылася сустрэча трох ініцыятываў, якія займаюцца пошукам месцаў масавых расстрэлаў грамадзянаў.

«Ніхто не забыты – нішто не забытае» – кажуць так пра тых, хто ваяваў падчас Другое сусветнае вайны. Але тыя, хто быў расстраляны савецкай дзяржавай, сёння закінутыя, забытыя, зарытыя ў зямлі. І варта, каб іх таксама ўзгадвалі. Бо гэта вельмі шмат людзей, якія маюць нашчадкаў, што жывуць сёння ў Беларусі», – кажа Ігар Станкевіч, ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».

Пад Гомлем месцы, дзе супрацоўнікі НКВД расстрэльвалі грамадзянаў, ёсць каля 9-га кіламетра Чарнігаўскай шашы. Пад Воршаю сталінскія каты забівалі бязвінных людзей на Кабыляцкай гары, пад Віцебскам – у вёсцы Хайсы. Прадстаўнікі гомельскай, аршанскай і віцебскай ініцыятываў дамовіліся супольна працаваць з нашчадкамі загінулых, аднак рабіць гэта – па-ранейшаму няпроста.

«У людзей – страх перад той уладай, якая гэта ўсё здзяйсняла. І перад гэтай уладай, рэжымам Лукашэнкі, нашчадкамі той улады», – кажа Ян Дзяржаўцаў, ініцыятыва «Хайсы – Віцебскія Курапаты».

Прадстаўнікі ініцыятываў прапануюць грамадскасці зрабіць інтэрактыўную мапу расстрэльных месцаў з GPS-каардынатамі, імёнамі загінулых і іхнымі партрэтамі.

«Стварыць такую хвалю, грамадскую хвалю, якая б пачала звяртацца да ўладаў і патрабаваць, каб нам, па-першае, адкрылі архівы, а па-другое – шукаць месцы расстрэлаў. І калі нават яны не ведаюць (кажуць, што не ведаюць – можа быць так), то хай бы яны проста далі магчымасць грамадству гэтыя месцы пазначаць», – адзначае Ігар Станкевіч, ініцыятыва «Кабылякі. Расстраляныя ў Воршы».

Паводле гісторыка Ігара Кузняцова, у Беларусі налічваецца як мінімум 48 паселішчаў ды больш за сотню месцаў, дзе адбываліся расстрэлы. Дакладная лічба загінулых ад рук НКВД да сёння застаецца невядомай. Толькі ў менскіх Курапатах, паводле розных ацэнак, ляжаць парэшткі ад 30 да 250 тысяч ахвяраў.

Віталь Бабін belsat.eu