Актывісткі Руху маці 328 праводзяць малебны пад сценамі калоніяў


Галадалі, ладзілі пікеты, хадзілі да дэпутатаў і звярталіся да кіраўніцтва краіны. А цяпер актывісткі Руху маці 328 ладзяць вялікую паездку па беларускіх калоніях, дзе сядзяць асуджаныя за наркотыкі.

Ад Менску да Полацку праз усю Беларусь – маці асуджаных за наркотыкі зладзілі паломніцтва да калоніяў, дзе сядзяць іхныя дзеці.

Алена Кузьміна, маці асуджанага (артыкул 328):

«Мой сын адбывае пакаранне менавіта тут, у гэтай калоніі, ён ведае, што я тут стаю пад плотам, што мы молімся».

Аля Бярналь, маці асуджанага (артыкул 328):

«Мы ўсё абхадзілі, нас ніхто не чуе. І мы стварылі такую акцыю, ідзем на малебен і абыдзем кожную калонію, дзе знаходзяцца асуджаныя паводле 328 артыкулу».

Суправаджае ў паломніцтве актывістак Руху маці 328 праваабаронца Станіслаў Цыбінскі, які займаецца рэсацыялізацыяй былых зняволеных. Сваёй акцыяй удзельнікі хочуць звярнуць увагу не толькі на вельмі жорсткае пакаранні паводле артыкулу 328, але і на недахоп прафілактыкі наркаманіі, і на безвыніковасць захадаў, якія робіць дзяржава ў гэтай галіне.

«Улады кажуць, што ў краіне 80 тысячаў чалавек спажывае наркотыкі. Але калі садзяць у турмы такую колькасць людзей, то ўжо павінны былі ўсё гэта выкараніць, не павінна быць у Беларусі наркотыкаў, а іх усё больш, і больш, і больш», – кажа Ала Бярналь, Рух маці 328.

Станіслаў Цыбінскі, Беларускі цэнтр падтрымання:

«Нават Шуневіч, міністр унутраных справаў, сказаў, што колькасць асуджаных па наркатычных артыкулах павялічылася. Гэта кажа пра тое, што іх сістэма не працуе. Яны выбралі няправільны кірунак».

Сёння малебны адбыліся ля дзвюх калоніяў у Бабруйску. Далей маршрут ляжыць праз Магілёў, Шклоў, Віцебск і Полацк, апошні пункт – калонія «Ваўчыныя норы» пад Івацэвічамі. Сённяшняя акцыя прайшла спакойна, але ці будзе так далей, ва ўдзельніц пэўнасці няма.

«На ўчорашні дзень пазванілі некаторыя мамы і сказалі, каб мы да калоніяў не падыходзілі, пазванілі начальнікі калоніяў і забаранілі, каб мы ладзілі малебны», – гаворыць Алена Кузьміна, маці асуджанага, артыкул 328.

Са звестак Руху маці 328, паводле «наркатычных артыкулаў» пакаранне ў Беларусі адбываюць каля 17 тысячаў чалавек.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu