Актывіст з Бешанковічаў: «сітуацыя можа выбухнуць катастрафічна!»


Больш за дзясятак бешанковіцкіх лекараў, у тым ліку ўсё рэанімацыйнае аддзяленне, ізалявалі, а раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі працуе дыстанцыйна. Але афіцыйных тлумачэнняў таму, што адбываецца ў раёне, няма.

«Ні на сайце раённай газеты «Зара», ні на сайце нашага выканаўчага камітэту яе не знойдзеш, тым больш што сам выканаўчы камітэт, як кажуць, з 26 чалавек 12 чалавек знаходзяцца на лячэнні таксама. У іх праблемы і з пнеўманіяй, а магчыма, і горшыя», – распавядае мясцовы актывіст Георгій Станкевіч.

Днямі ў бешанковіцкай рэанімацыі памерла дэзынфектарка санстанцыі. Георгій Станкевіч мяркуе, што яна магла заразіцца каронавірусам, праводзячы дэзынфекцыю на базе адпачынку ў вёсцы Крупеніна, дзе на каранціне былі віцябляне, якія прыехалі з Італіі. Усе ізаляваныя медыкі кантактавалі з памерлай. Актывіст лічыць, што сітуацыя можа выбухнуць катастрафічна:

«Самае галоўнае, што да апошняга часу, яшчэ пару дзён таму, у медыкаў не было аніякіх ахоўных сродкаў абароны – ні касцюмаў, ні масак».

Ізаляваныя лекары працягваюць працу, бо пакінуць раён без аддзялення рэанімацыі немагчыма. Галоўная доктарка раённай больніцы Святлана Рошчына размаўляць з журналістамі наадрэз адмовілася:

«Не буду нічога каментаваць, гэта супярэчыць Закону пра ахову здароўя, артыкул 46. Усе афіцыйныя запыты – на галоўнае ўпраўленне аховы здароўя віцебскага аблвыканкаму. – Але яны таксама адфутбольваюць. – Усяго вам добрага».

Жыхары Бешанковічаў пераважна ходзяць без масак, кантактуюць з журналістамі неахвотна:

«Апроч страху больш нічога няма».

«Хацелася б не верыць, звычайная проста хвароба, прастуда».

«Трэба ж працаваць, жыць за штосьці трэба».

«Па тэлевізары кажуць пра іншыя краіны. А што робіцца ў нас, я не ведаю».

Інфармацыі няма, але нейкія падрыхтоўчыя дзеянні праводзяцца. Паводле інфармацыі з ананімных крыніцаў, для хворых на каронавірусную інфекцыю вызвалілі крыло цэнтральнай раённай больніцы, дзе размяшчалася дзіцячае аддзяленне.

Палявы вайсковы шпіталь разгортваюць пад Віцебскам, на палігоне брыгады паветрана-дэсантавых войскаў у вёсцы Лосвіда. Як даведаліся нашыя карэспандэнты, завозу пацыентаў чакаюць ужо каля двух тыдняў – разбілі намётавае мястэчка, падрыхтавалі для жылля былы навучальны корпус, прывезлі палявую кухню. Паводле ранейшай непацверджанай інфармацыі, падобны шпіталь разгортваецца і пад Лепелем.

Для барацьбы з каронавірусам і яго наступствамі Беларусь папрасіла фінансавай дапамогі ў Еўразвязу – пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Бруселі заявіў прадстаўнік ЕЗ у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі Жузэп Бурэль. Пакуль Еўразвяз думае пра адказ, беларусы дапамагаюць сабе самі – шыюць маскі і ахоўныя касцюмы, збіраюць грошы і ежу для лекараў.

Ва ўмовах эпідэміі дабрачынная ініцыятыва з Гомля «Маленькія сонейкі», якая ўжо два гады дапамагае хворым дзецям, узяла пад апеку і самотных людзей сталага веку.

«Мы на гэты момант аказалі дапамогу за тыдзень з 71 харчовым наборам. Гэта ўчастак, дзе пацверджана некалькі выпадкаў COVID», – распавядае кіраўніца ініцыятывы Елізавета Мядзведзева.

Сродкі на дапамогу збіраюць праз краўдфандынг, а харчы і лекі перадаюць праз кіраўнікоў жыллёвых кааператываў ці асабіста.

«Лішні раз не трэба хадзіць у краму, кантакты з людзьмі можна абмінуць, гэта вельмі вялікая дапамога. А яшчэ вельмі прыемна, што пра нас не забылі», кажа пенсіянерка, што атрымала дапамогу, спадарыня Аліна.

Каранцінныя мерапрыемствы пашыраюцца ў краіне – у Астраўцы шпіталізавалі каля ста чалавек, усе яны кантактавалі з пятнаццаццю працаўнікамі з Расеі, якія былі на каранціне. Пра вынікі тэставання шпіталізаваных не паведамляецца.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Фота: Vladimir Gerdo / TASS / Forum