Аб'ектыў 13.12.2018 Актывіст правёў тры дні ў ізалятары за сфабрыкаваны пратэст


Тры дні ў ізалятары за сфабрыкаваны пратэст адбыў актывіст Пётр Маркелаў. У пошуках кампенсацыі за несправядлівае затрыманне маладзён звярнуўся ў суд Маскоўскага раёну Менску. Падставаю для трохдзённага арышту ў чэрвені паслужыла фота, якое хлопец змясціў у сацыяльнай сетцы.

Распавядае Пётр Маркелаў, «Legalize Belarus»:

«На фотаздымку было напісана «Заблакуйце…», далей лічбамі IP-адрас сайту Міністэрства ўнутраных справаў. Гэтая акцыя адсылае да таго, што быў заблакаваны ўэб-сайт нашай грамадзянскай кампаніі «Legalize Belarus» з прычыны прапаганды нібыта марыхуаны».

Праваахоўнікі палічылі выяву хлопца ля будынку МУС несанкцыянаванай акцыяй і затрымалі да суда. Але насамрэч Пётр Маркелаў адрэдагаваў здымак у адмысловым графічным рэдактары. Суд Маскоўскага раёну спачатку адправіў справу на дапрацоўванне, а пасля і ўвогуле спыніў пасля правядзення фотаэкспертызы.

«Умовы ўтрымання там, канечне, жудасныя: мне не выдалі ні паперы, ні мыла, нас кармілі два разы на дзень, было два перыяды, калі нас не кармілі па 20 гадзінаў».

Але скаргу актывіста на незаконнае ўтрыманне ў антысанітарных умовах суддзя Маскоўскага раёну Алена Фралова сёння адхіліла, як і патрабаванне кампенсацыі маральнай шкоды памерам 200 беларускіх рублёў і прабачэння з боку МУС. Таксама яна адхіліла хадайніцтвы аб прысутнасці на судзе міліцыянтаў, што затрымлівалі Пятра. Суддзя палічыла гэта немэтазгодным. Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы», прадстаўніца Пятра Маркелава на судзе, каментуе:

«Такая мізэрная кампенсацыя, якую прасіў Пётр, значна танней абышлася б нашай дзяржаве, з пункту гледжання яе іміджу ў першую чаргу».

Пётр Маркелаў гатовы да чарговых судовых баталіяў. Хлапец плануе скардзіцца спачатку ў Менскі гарадскі суд, а пасля і ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Марыя Арцыбашава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары