Акцыю супраць хатняга гвалту ў Менску ўдалося правесці толькі з 38-й спробы


Пікет супраць хатняга гвалту.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» правяла ў Менску дазволены пікет, каб выказацца супраць хатняга гвалту ў Беларусі.

Удзел у акцыі ў менскім парку Дружбы народаў узялі дзясяткі чалавек. Пікет распачаўся з чытання рэальных гісторыяў гвалту ў Беларусі. Галоўная мэта кампаніі – дамагчыся прыняцця закону аб супрацьдзеянні балючым праблемам беларускіх сем’яў.

«Ён паклаў ейнае цела ў валізку, прыбраў кроў у калідоры, выкінуў ейныя рэчы ды малаток, адвёз цела ў лес».

«Муж збіў 45-гадовую жанчыну, у тым ліку ўдарыў 4 разы па галаве і пайшоў спаць. Жанчына памерла ад атрыманых траўмаў».

«Непрацоўны мужчына падчас спрэчкі з рэўнасці забіў нажом сваю 35-гадовую жонку і пасля гэтага забіў сябе».

На пікеце можна было падпісаць петыцыю аб прыняцці закону супраць хатняга гвалту ў Беларусі, выказаць сваё меркаванне адмысловымі плакатамі. Арганізатары выкарысталі і крэатыўныя метады: на пікеце зрабілі інсталяцыю з аранжавым абуткам. Кожная пара суправаджаецца кароткім апісаннем і сімвалізуе смерці ад хатняга гвалту ў Беларусі.

Пікет супраць хатняга гвалту.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

Наведнікі кажуць, што для іх гэта магчымасць паказаць сваю незадаволенасць сітуацыяй, што склалася.

«Я лічу, што варта, каб у краіне прынялі гэты закон. Бо ў нас вельмі шмат людзей пакутуе ад хатняга гвалту».

«Дзіўна, што ў нашым грамадстве ёсць, існуе гвалт у сям’і. Але няма закону, які б абараніў людзей. А мусіць быць наадварот».

«Мяне вельмі палохае сітуацыя ў нашай краіне ў першую чаргу з-за правоў жанчын. Бо яны аніяк не абараняюцца і парушаюцца штодзённа».

Ініцыятыва «Маршыруй, дзетка!» і раней спрабавала зладзіць акцыі супраць хатняга ґвалту, але атрымоўвала адмовы. Каб узгадніць з уладамі сённяшні пікет, арганізатары падалі ажно 38 заявак. І атрымалі дазвол на гэтыя выходныя.

«Мэта пікету, як і нашай ініцыятывы – гэта прыняцце ў Беларусі закону аб супрацьдзеянні хатняму гвалту. Гэтым пікетам мы хочам нагадаць пра ўсе тыя гісторыі гвалту, якія адбываюцца штодзень», – распавядае Святлана Гатальская, арганізатарка акцыі.

Актывісты мяркуюць, што іхная дзейнасць дапамагае ўздымаць гэтую тэму і нагадвае ўладам пра неабходнасць такога закону. Заўтра яны зноў выйдуць на акцыю. Гэтым разам у Кіеўскім скверы.

Рэпартаж Ксеніі Тарасевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 28 снежня