Акцыя пратэсту ў Берасці: людзі кідаліся пад міліцэйскую машыну


У Берасці затрымалі праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу.

Яшчэ да поўдня міліцыя паспела затрымаць прынамсі двух жыхароў Берасця, сярод іх – праціўніка будаўніцтва акумулятарнага заводу ў ваколіцах абласнога цэнтру Змітра Андрасюка, які ў выніку трапіў у Ленінскі РАУС: «Яны пабачылі, што ёсць нейкая дынаміка. І, думаю, каб збіць далейшыя дзеянні праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасцем».

А ўжо а 12:50 міліцыянты затрымалі дзвюх жанчын, якія прыйшлі сёння на плошчу Леніна: Таццяну Фесікаву і Юлію Зубік.

Калі жанчын вялі ў міліцэйскую машыну, натоўп праціўнікаў шкоднага заводу адрэагаваў на дзеянні міліцыі воклічам «Ганьба!»

У выніку на Юлію Зубік міліцыянты склалі адміністратыўны пратакол.

Юлія Зубік: «Прад’яўляюць пікетаванне ў мінулую нядзелю на плошчы. Несанкцыянаванае, канечне ж. Што была наклейка выкарыстаная на верхнім адзенні – на куртцы».

Ужо пасля таго, як удзельнікі сустрэчы разышліся, стала вядома пра яшчэ адное затрыманне: актывіст Уладзімір Мароз таксама трапіў у РАУС.

Тыдзень таму падчас мінулай акцыі пратэсту супраць шкоднага заводу міліцыя ўжо затрымлівала яе ўдзельнікаў: пад пераслед трапілі блогер Сяргей Пятрухін і актывіст Канстанцін Астапук. Абодвух пазней пакаралі буйнымі штрафамі.

Віталь Бабін, Алесь Яшчанка, «Белсат»