Акцыя NEXTA #чтодальше – падсумаванне


Такога пікету ў Беларусі яшчэ не было. На Плошчу выказаць сваё меркаванне пра ўлады заклікалі беларусаў не апазіцыйныя палітыкі, а блогеры. Агулам у іх сотні тысячаў падпісантаў. Колькі з іх выйшлі на пікет? Ці перайшла смелая онлайн-крытыка ў афлайн? І якою была рэакцыя ўладаў?

«Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы»: гэты фільм Сцяпана Святлова ў межах яго відэаблогу «NEXTA» праглядзелі больш за паўтара мільёна карыстальнікаў, перадусім з Беларусі. Стужка пра гісторыю пабудовы аўтарытарнага рэжыму ў нашай краіне. Спрэчкі з інтэрнэт-каментароў выраслі ў план сабрацца ў Менску, каб вырашыць, што рабіць далей.

Адзін з ініцыятараў – таксама відэаблогер Уладзімір Цыгановіч, псеўданім Mozgon, незадаволены тым, што ўлады не чуюць грамадзянаў:

«Паводле Канстытуцыі грамадзяне маюць права прымаць удзел у кіраванні дзяржавай і непасрэдна, і праз дэпутатаў», – выказаўся Уладзімір Цыгановіч у жывым эфіры «Белсату».

Акцыю арганізавалі ў межах выбарчага пікету кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад дэмакратычнай апазіцыі. Побач – такі ж выбарчы пікет уладнага БРСМ.

«Спадзяюся, што людзі выйдуць і выкажуць свае думкі наконт таго, што адбываецца, без страху. Хай нават не крытыкуюць. Хай проста абмяркуюць», – пракаментаваў Арсеній Чыгір, бабруйскі кандыдат у дэпутаты, зняты з выбараў Цэнтрвыбаркамам.

Сам Сцяпан Святлоў у Беларусь не прыехаў, адразу папярэдзіўшы, што супраць яго заведзеныя некалькі крымінальных справаў за ягоную творчасць. NEXTA быў у кардонным выглядзе. І нават ён не пазбегнуў нападу міліцыянтаў у цывільным.

Міліцыянты разбілі музычную калонку, затрымалі некалькі чалавек, зацягнуўшы іх у будынак ратушы, але пазней пад ціскам людзей адпусцілі.

«Такія перашкоды з боку ўладаў, як мы бачым, гэта парушэнне закону, парушэнне правоў чалавека і майго права як кандыдата ў дэпутаты спаткацца з выбарцамі. Нічога супрацьзаконнага не адбываецца», – выказалася кандыдатка ад партыі БНФ Алена Талстая.

Агулам на сталічнай плошчы Свабоды сабралася да тысячы чалавек. Вось што казалі ўдзельнікі мітынгу:

«Толькі праз вулічныя акцыі ўлада можа нас пачуць. Бо іншымі крокамі не атрымліваецца».

«Я стаміўся баяцца. Я не хачу баяцца. Прыйшоў час мяняць нешта, свядомасць хаця б».

«Хочацца свабоды. Ёсць дзяржава, ёсць жыццё, і хочацца ўжо жыць, а не выжываць».

Фільм «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» стаў вядомым менавіта сярод новага пакалення, якое нарадзілася і вырасла пры сённяшняй уладзе. Але і міліцыянты ў цывільным, што навісалі над прысутнымі, і магчымыя пагрозы пазнейшых пераследаў на месцы працы ды вучобы сапсавалі настрой не ўсім.

Яраслаў Сцешык belsat.eu